Пошук

Лекі для пацярпелых ад землятрусу ў Турцыі Лекі для пацярпелых ад землятрусу ў Турцыі 

Папа адправіў лекі для пацярпелых ад землятрусу ў Турцыі

Па даручэнні Францішка Апостальская элемазінарыя адправіла чарговы груз медыкаментаў для пацярпелых ад землятрусу ў Турцыі. 10 тысяч упаковак лекаў былі дастаўлены ў Стамбул 27-28 сакавіка 2023 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Як паведаміла Дыкастэрыя па міласэрным служэнні, лекі былі закуплены пасля кансультацыі з паслом Турцыі пры Святым Пасадзе.

Па словах Апостальскага элемазінарыя Конрада Краеўскага, гуманітарная дапамога накіроўваецца ў краіну рэйсавымі авіялайнерамі, што патрабуе дадатковых намаганняў пры ўпакоўцы грузу, з асаблівай увагай да вагі і памеру кантэйнераў. "Гэта нам удаецца зрабіць з дапамогай добраахвотнікаў", - адзначыў іерарх.

У выніку разбуральнага землятрусу 6 лютага 2023 года ў Турцыі і Сірыі загінула больш за 50 тысяч чалавек, амаль 2 мільёны засталіся без прытулку.

Адразу пасля землятрусу Апостальская элемазінарыя адправіла ў гэтыя краіны першапачатковую дапамогу: лекі, прадукты харчавання, тэрмабялізну, падгузнікі і іншыя рэчы першай неабходнасці. У Сірыі, якая пакутуе не толькі ад наступстваў землятрусу, але і ад працяглай вайны, гуманітарная дапамога распаўсюджваецца праз Апостальскую нунцыятуру. Некалькі тыдняў таму Турцыю і Сірыю наведаў са спецыяльнай місіяй прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці.

Тым часам працягваецца збор сродкаў для дапамогі пацярпеламу насельніцтву. У мінулую нядзелю ва ўсіх італьянскіх парафіях збіралі ахвяраванні для Турцыі і Сірыі, "як канкрэтны знак салідарнасці і ўдзелу ўсіх вернікаў”. Збор працягнецца да 30 красавіка. Акрамя таго, Канферэнцыі Біскупаў Італіі (CEI) выдзеліла фінансавую дапамогу ў памеры 500 тысяч еўра з фонду 8xmille.

29 сакавіка 2023, 09:51