Папа адправіў лекі для пацярпелых ад землятрусу ў Турцыі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Як паведаміла Дыкастэрыя па міласэрным служэнні, лекі былі закуплены пасля кансультацыі з паслом Турцыі пры Святым Пасадзе.
Па словах Апостальскага элемазінарыя Конрада Краеўскага, гуманітарная дапамога накіроўваецца ў краіну рэйсавымі авіялайнерамі, што патрабуе дадатковых намаганняў пры ўпакоўцы грузу, з асаблівай увагай да вагі і памеру кантэйнераў. "Гэта нам удаецца зрабіць з дапамогай добраахвотнікаў", - адзначыў іерарх.
У выніку разбуральнага землятрусу 6 лютага 2023 года ў Турцыі і Сірыі загінула больш за 50 тысяч чалавек, амаль 2 мільёны засталіся без прытулку.
Адразу пасля землятрусу Апостальская элемазінарыя адправіла ў гэтыя краіны першапачатковую дапамогу: лекі, прадукты харчавання, тэрмабялізну, падгузнікі і іншыя рэчы першай неабходнасці. У Сірыі, якая пакутуе не толькі ад наступстваў землятрусу, але і ад працяглай вайны, гуманітарная дапамога распаўсюджваецца праз Апостальскую нунцыятуру. Некалькі тыдняў таму Турцыю і Сірыю наведаў са спецыяльнай місіяй прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці.
Тым часам працягваецца збор сродкаў для дапамогі пацярпеламу насельніцтву. У мінулую нядзелю ва ўсіх італьянскіх парафіях збіралі ахвяраванні для Турцыі і Сірыі, "як канкрэтны знак салідарнасці і ўдзелу ўсіх вернікаў”. Збор працягнецца да 30 красавіка. Акрамя таго, Канферэнцыі Біскупаў Італіі (CEI) выдзеліла фінансавую дапамогу ў памеры 500 тысяч еўра з фонду 8xmille.