Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа пацвердзіў жаданне працягваць барацьбу з злоўжываннямі

25 сакавіка 2023 года была абнародавана абноўленая версія папскага дакумента Vos estis lux mundi, якая ўтрымлівае канчатковую працэдуру для прадухілення і барацьбы з сексуальнымі злоўжываннямі ў дачыненні да непаўналетніх і ўразлівых дарослых.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Апостальскі ліст чатыры гады знаходзіўся ў статусе ad experimentum.

Найбольш важнай навінкай з’яўляецца пашырэнне нормаў, якія тычацца адказнасці біскупаў і настаяцеляў манаскіх кангрэгацый, а таксама свецкіх мадэратараў міжнародных аб’яднанняў вернікаў, прызнаных Святым Пасадам. Новы тэкст быў узгоднены з іншымі нарматыўнымі рэформамі, уведзенымі з 2019 года па сённяшні дзень.

Адно з новаўвядзенняў тычыцца ўразлівых дарослых. Калі раней гаварылася пра “сексуальныя акты з непаўналетняй або ўразлівай асобай”, то ў новай версіі гаворыцца пра “злачынства супраць шостай запаведзі Дэкалогу, здзейсненае з непаўналетнім або з асобай, якая звычайна недасканала карыстаецца розумам, або з уразлівым дарослым”.

Яшчэ адна змена датычыцца абароны тых, хто паведамляе аб меркаваным злоўжыванні: калі раней гаварылася, што на такую асобу не можа быць накладзена абмежаванне маўчання, то цяпер дадаецца, што гэта пашыраецца і на пацярпелага і сведак.

Таксама ўзмоцнена частка, якая заклікае да "законнай абароны добрага імя і прыватнай сферы ўсіх уцягнутых асоб", а таксама да прэзумпцыі невінаватасці для тых, хто знаходзіцца пад следствам у чаканні ўстанаўлення іх адказнасці.

У новай версіі Vos estis lux mundi таксама ўдакладняецца, што дыяцэзіі і епархіі павінны стварыць “органы і структуры” – у старым тэксце больш агульна гаварылася пра “стабільныя сістэмы”, – даступныя грамадскасці для паведамлення аб злоўжываннях. Таксама ўдакладняецца, што задача правядзення расследавання ўскладаецца на біскупа таго месца, дзе меркавана адбыліся паведамленыя факты.

Нагадаем, працэдуры, уведзеныя ў 2019 годзе, дакладна вызначаюць парадак разгляду паведамленняў аб злоўжываннях і гарантуюць, што біскупы і манаскія настаяцелі – а цяпер і свецкія асобы, якія стаяць на чале міжнародных асацыяцый – нясуць адказнасць і абавязаны – згодна з агульнаўсталяваным прававым правілам – паведамляць пра злоўжыванні, пра якія ім стала вядома.

Дакумент уключаў і працягвае ўключаць у сябе не толькі прававы парадак у выпадку дамаганняў і гвалту ў дачыненні да непаўналетніх і ўразлівых дарослых, але таксама рэгулюе парадак рэакцыі на выпадкі гвалту і дамаганняў у выніку злоўжывання ўладай. Гаворка ідзе і пра выпадкі гвалту ў дачыненні да манахінь з боку духавенства, а таксама выпадкі дамаганняў у дачыненні да семінарыстаў або навіцыяў, якія дасягнулі паўналецця.

Новая версія Vos estis lux mundi ўступае ў сілу 30 красавіка і адмяняе папярэднюю ад мая 2019 года.
 

25 сакавіка 2023, 12:04