Пантыфік: пазбавіцца ад саманадзейнасці, каб вызваліць месца для Бога
Марыя Валодзіна – Vatican News
Велікапосная акцыя прайшла ў рымскім касцёле Санта-Марыя-дэле-Грацые-аль-Трыумфале. У сваёй гаміліі Папа нагадаў словы апостала Паўла з евангельскага ўрыўка, які прагучаў падчас набажэнства: "Што было для мяне набыткам, тое дзеля Хрыста я палічыў стратай" (Філ 3, 7). Гаворка ідзе не аб матэрыяльных выгодах, а аб рэлігійных багаццях, - адзначыў Святы Айцец, дадаючы, што святы Павел удакладніў: "Я ўсё страціў і лічу смеццем, каб набыць Хрыста".
Па словах Францішка, той хто думае, што валодае рэлігійнай доблесцю, лічыць сябе справядлівым і лепшым за іншых, не мае патрэбы ў Богу. Толькі ўбогія духам, якія маюць патрэбу ў збаўленні, знаходзяць Пана.
Папа спаслаўся таксама на евангельскую прыпавесць аб фарысеі і мытніку, якія прыйшлі ў храм памаліцца, але “малітва толькі аднаго з іх дасягнула сэрца Бога” (Лк 18, 9-14).
Фарысей маліўся стоячы, як самаўпэўнены, непераможны чалавек, якім трэба захапляцца. Ён не чакаў збаўлення Пана як падарунка, ён амаль прэтэндаваў на яго як на ўзнагароду за свае заслугі. Ён без ваганняў прасунуўся да алтара, каб заняць месца ў першым шэрагу, але ў выніку “зайшоў занадта далёка і паставіў сябе наперадзе Бога”, - сказаў Папа.
Мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба. Але менавіта гэтая дыстанцыя, на думку Пантыфіка, вызваліла месца для Бога, дазволіла Богу наблізіцца да яго.
Францішак адзначыў, што таксама і да нас Пан прыходзіць тады, калі мы “дыстанцуемся ад нашага саманадзейнага я”. Бог гатовы прыняць “нашу беднасць, нашы няўдачы, памылкі, якія мы здзяйсняем з-за слабасць ці нядбайнасці”. Бог чакае нас асабліва ў сакрамэнце споведзі, - нагадаў Святы Айцец.
Калі мы спавядаемся, то, як мытнік, прызнаем нашы памылкі, цёмныя бакі, і “у гэты момант Пан становіцца побач з намі, скарачае адлегласць паміж намі, уздымае нас”, - зазначыў Францішак.
Папа заклікаў вернікаў з раскаяннем, як мытнік, звярнуцца да Пана: "Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага" (Лк 18,13). Ён заклікаў прасіць Бога быць міласцівым за тое, што забываем пра Яго ці грэбуем Ім і Яго Словам, за тое, што лічым, што маем рацыю і пагарджаем іншымі, за тое, што не клапоцімся пра тых, хто побач з намі, за тое, што абыякавыя да тых, хто бедны і пакутуе, за грахі супраць жыцця, за ілжывае сведчанне, за хлусню, за несумленнасць, за адсутнасць празрыстасці і законнасці, за схаваныя грахі, за зло, якое робім несвядома, а таксама за дабро, якое маглі б зрабіць і не зрабілі. "Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага", - паўтарыў Францішак.