Аўтар кнігі-інтэрв'ю: Францішак не адчувае сябе незразуметым
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Па словах Серхіа Рубіна, Папа не лічыць сябе незразуметым грамадскасцю. “Ён ясна адзначыў гэта ў кнізе-інтэрв’ю", - сказаў аўтар доўгачаканага выдання El Pastor у інтэрв'ю каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву KNA.
На яе старонках Францішак дзеліцца думкамі аб сваім пантыфікаце і агульных грамадскіх пытаннях. Інтэрв’ю цягнулася некалькіх гадоў. "Мы хацелі прадставіць чытачу факты пантыфікату і меркаванні Папы, каб затым кожны мог скласці сваё ўласнае меркаванне пра Францішка", - прызнаўся журналіст, які працуе ў Аргенціне, у прыватнасці, у газеце Clarin. Рубін напісаў кнігу разам з італьянскай журналісткай Франчэскай Амбраджэці.
“Ідэя была ў тым, каб выкласці ў агульных рысах першыя дзесяць гадоў пантыфікату Францішка, якія шмат у чым адпавядаюць задачам, вызначаным кардыналамі падчас дэбатаў перад канклавам”, - адзначыў Рубін. - Сярод іх – ажыўленне абвяшчэння Евангелля, барацьба з сексуальнымі злоўжываннямі і меры па забеспячэнні празрыстасці ватыканскіх фінансаў. Акрамя таго, былі такія важныя пытанні, як бежанцы, узброеныя канфлікты і абарона навакольнага асяроддзя".
У асабістым плане Папа не змяніўся за гэты час. Аднак адбыліся прыкметныя знешнія перамены: ён стаў значна часцей усміхацца, - лічыць біёграф. Паводле яго, Францішак развіў у сабе ўсё тое, што звязана з зносінамі з іншымі людзьмі, "але ён заўсёды застаецца тым жа простым і прамым чалавекам, не без долі гумару і з вялікай чалавечнасцю".