Стан здароўя Папы паляпшаецца
Стан здароўя Францішка, які з 29 сакавіка 2023 года знаходзіцца ў рымскай клініцы імя Агасціна Джэмэлі з прычыны рэспіраторнай інфекцыі, паляпшаецца.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сітуацыю пракаментаваў кіраўнік Залы Друку Святога Пасада Матэа Бруні: Папа “добра адпачыў мінулай ноччу”, “клінічная карціна паступова паляпшаецца”, “планавае лячэнне працягваецца”.
Раніцай Пантыфік памаліўся ў капліцы, якая знаходзіцца ў яго бальнічнай палаце, прыняў святую Камунію, потым паснедаў, прачытаў газеты і “ўзнавіў працу”.
Раней Францішак быў пацыентам гэтай бальніцы з 4 па 14 ліпеня 2021 года – яму рабілі аперацыю па выдаленні часткі тоўстага кішачніка.
30 сакавіка 2023, 14:13