Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: на юбілей пантыфікату падарыце мне мір

“Мне здаецца, гэта адбылося ўчора” – такімі словамі Францішак пракаментаваў сваё абранне на Пасад святога Пятра, дзясятая гадавіна якога адзначаецца 13 сакавіка 2023 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

На працягу апошняга дзесяцігоддзя Святы Айцец правёў тысячы сустрэч, але адна з іх захавалася ў яго сэрцы асаблівым чынам. “Самай цудоўнай была сустрэча на плошчы святога Пятра з пажылымі людзьмі. Пажылыя – гэта мудрасць і мне яны вельмі дапамагаюць. Таксама і я ўжо пажылы, ці не так?”, - заўважыў Францішак.

Пантыфік падкрэсліў, што “старыя быццам добрае віно з доўгай вытрымкай”. “Сустрэчы з пажылымі абнаўляюць мяне і робяць маладзейшым, не ведаю чаму”, - прызнаўся ён ў спецыяльным падкасце Vatican News, прымеркаваным да дзясятай гадавіны яго абрання Наступнікам святога Пятра.

Найгоршыя момант свайго пантыфікату Францішак звязвае з трагедыяй вайны і чалавечых пакут. Ён згадаў пра свае візіты на розныя вайсковыя могілкі, на якіх пахаваны дзясяткі тысяч маладых мужчын, пра візіт у Ірак і М’янму, пра войны ў Сірыі і Емене.

Гаворачы пра вайну ва Украіне, Пантыфік адзначыў, што яму балюча бачыць загінулымі маладых людзей з абодвух бакоў, якія ніколі не вернуцца дамоў. На пытанне пра тое, які падарунак Святы Айцец хацеў бы атрымаць ад свету на дзесяцігоддзе свайго пантыфікату, ён адказаў: “Мір, нам патрэбны мір”.
 

13 сакавіка 2023, 09:24