Святы Айцец пацвердзіў жаданне наведаць Аргентыну
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак нагадаў, што ўжо планаваў паездку на радзіму ў 2017 годзе, але яна не адбылася, бо супала з палітычнымі выбарамі. Аднак цяпер ён адкрыта заявіў, што хоча наведаць сваю родную краіну.
Гаворачы аб Лацінскай Амерыцы, Папа спаслаўся, між іншым, на сітуацыю ў Нікарагуа, дзе рэжым Даніэля Артэгі вядзе бязлітасную барацьбу з Касцёлам. Год таму адтуль быў высланы нунцый, а цягам апошніх тыдняў улады закрылі мясцовы Caritas і каталіцкія ўніверсітэты, а таксама забаранілі велікапосныя працэсіі. Біскуп Раланда Альварэс быў прысуджаны да 26 гадоў турмы.
Францішак заявіў ад “адсутнасці раўнавагі” ў кіраўніцтва краіны. “У турму пасадзілі біскупа, вельмі сур’ёзнага і здольнага чалавека. Ён захацеў даць сведчанне і адмовіўся ад высылкі. Гэта нешта архаічнае, гэта як вяртанне камуністычнай дыктатуры 1917 году ці дыктатуры Гітлера 1935 году”, - сказаў Пантыфік.
Каментуючы вайну ва Украіне, Францішак заўважыў, што розныя ўрады зараз працуюць над дасягненнем міру. Ён згадаў пра ініцыятывы прэм’ер-міністра Індыі Нарэндра Модзі, а таксама пра намаганні Ізраіля. Аднак мы не ведаем, да чаго гэта прывядзе, - дадаў Папа, падкрэсліваючы, што трэба памятаць і пра многія іншыя войны, якія ідуць сёння ў свеце.
Гаворачы аб сваім асабістым жыцці, Пантыфік пацвердзіў, што не карыстаецца мабільным тэлефонам і камп’ютарам. У Буэнас-Айрэсе ён выкарыстоўваў пішучую машынку, але з таго часу, як прыехаў у Рым, піша толькі ад рукі. Ён таксама пацвердзіў, што не глядзіць тэлевізар, таму што паабяцаў гэта Маці Божай.
“Гэта адбылася 15 ліпеня 1990 года. Я глядзеў тэлебачанне з супольнасцю, і былі некаторыя рэчы, якія балюча ранілі мне сэрца. Там не было нейкага грахоўнага зместу, але змест, які вядзе да рэлятывізацыі і ў канчатковым выніку аслабляе сэрца. Я ўстаў, таму што мне гэта не спадабалася, і выйшаў вельмі засмучаны. На наступны дзень, 15 ліпеня, на Імшы ва ўспамін Маці Божай Шкаплернай я адчуў, што з гэтага часу больш не буду глядзець тэлевізар. Усё – кропка! Я сказаў, што больш не буду гэтага рабіць і склаў абяцанне”, - падзяліўся Святы Айцец, удакладніўшы, што ў выключных выпадках коратка аглядае толькі нешта вельмі важнае.