Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Святы Айцец: патрэбна аб’яднаная Еўропа на службе міру

Камісія біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці павінна зрабіць свой значны і прафесійны ўклад у справу міру, - сказаў Папа, прымаючы членаў гэтай арганізацыі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец нагадаў, што айцы-заснавальнікі ЕС марылі пра адзінства і мір. Еўрапейскае адзінства, аднак, не павінна быць уніфікацыяй: яно павінна цаніць асаблівасці і адметнасці народаў і культур, з якіх складаецца. “Багацце Еўропы заключаецца ў збліжэнні розных крыніц думкі і гістарычнага вопыту. Як рака жыве сваімі прытокамі: калі прытокі аслабленыя або перакрытыя, уся рака адчувае гэта і губляе сілу”, - сказаў ён падчас аўдыенцыі, якая 23 сакавіка 2023 года прайшла ў Ватыкане.

Папа перакананы, што адзінства ў разнастайнасці магчыма, калі будзе моцнае натхненне: без яго возьме верх бюракратыя і тэхнакратычная парадыгма, якая, “не прыносіць плёну, бо не натхняе людзей, не прыцягвае новыя пакаленні, не ўключае жывыя сілы грамадства ў пабудову агульнага праекта”.

Пантыфік нагадаў, што на пачатковым этапе еўрапейскай інтэграцыі, важную ролю сыграла хрысціянскае натхненне, якое “было ў сэрцах і думках людзей, што распачалі гэты праект”. Безумоўна, сёння шмат змянілася, але Касцёл павінен фармаваць людзей, якія, “чытаючы знакі часу, будуць здольнымі інтэрпрэтаваць еўрапейскі праект у сённяшняй гісторыі”, - зазначыў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што “сённяшняя гісторыя патрабуе мужчын і жанчын, натхнёных марай аб аб’яднанай Еўропе на службе міру”. Ён нагадаў, што “пасля Другой сусветнай вайны Еўропа перажыла самы працяглы перыяд міру ў сваёй гісторыі”, аднак войны, якія адбываліся ў іншых частках свету, пашырыліся настолькі, што “зараз можна казаць пра трэцюю сусветную вайну”. Пантыфік звярнуў асаблівую ўвагу на вайну ва Украіне, якая адбываецца вельмі блізка да межаў ЕС і пахіснула мір на кантыненце.

“Суседнія краіны зрабілі ўсё магчымае, каб прыняць бежанцаў; усе еўрапейскія народы ўдзельнічаюць у абавязацельствах салідарнасці з украінскім народам”, - падкрэсліў Пантыфік, дадаючы, што адзінагалосны адказ у сферы гуманітарнай падтрымкі павінен адпавядаць згуртаванаму імкненню да міру, хоць гэта і нялёгка.

“Гэтая задача вельмі складаная, таму што краіны Еўрапейскага Саюза ўцягнутыя ў мноства альянсаў, інтарэсаў, стратэгій, шэраг сіл, якія цяжка аб’яднаць у адным праекце. Аднак адзін прынцып павінен падзяляцца ўсімі з яснасцю і рашучасцю: вайна не можа і не павінна больш разглядацца як сродак вырашэння канфліктаў. Калі краіны Eўропы сёння не падзяляюць гэты этыка-палітычны прынцып, то гэта значыць, што яны адышлі ад першапачатковай мары. Калі, наадварот, падзяляюць яго, яны павінны ўзяць на сябе абавязацельствы па яго рэалізацыі з усімі намаганнямі і складанасцямі, якіх патрабуе гістарычная сітуацыя. Бо “вайна – гэта правал палітыкі і чалавецтва”. Мы павінны нагадваць пра гэта палітыкам”, - падкрэсліў ён.

Францішак зазначыў, што COMECE можа і павінна ўнесці свой значны і прафесійны ўклад у справу міру, будучы “мостам” паміж Касцёламі ў Еўропе і інстытутамі ЕС. “Згодна з вашай місіяй вы з’яўляецеся будаўнікамі адносін, сустрэч і дыялогу, а гэта ўжо працуе на мір. Аднак, гэтага не дастаткова. Для прасоўвання міру патрэбны прароцтва, прадбачанне, крэатыўнасць. На гэтай будаўнічай пляцоўцы патрэбны і архітэктары, і будаўнікі; але я б сказаў, што сапраўдны міратворац павінен быць і архітэктарам, і будаўніком”, - сказаў Святы Айцец.
 

23 сакавіка 2023, 11:17