Пантыфік: уклад жанчын незаменны ў перыяд эпахальных перамен
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Сустрэча, якая прайшла 11 сакавіка 2023 года ў Ватыкане, была прымеркавана да прэзэнтацыі кнігі Больш жаночага лідарства дзеля лепшага свету. Клопат, як рухавік для нашага супольнага дома (More Women's Leadership for a Better World. Caring as the Engine for Our Common Home), прадстаўленай у Міжнародны жаночы дзень.
У першую чаргу Францішак адзначыў, што жанчыны робяць вялікі ўклад у большую інклюзіўнасць. Ён падкрэсліў, што адметнасці ў грамадстве не павінны быць прычынай няроўнасці, а сапраўдная мудрасць, што вядзе да міру, нараджаецца ў выніку сумеснага пілігрымавання.
“Нікога нельга выключаць: гэта святы прынцып. Фактычна, праект Бога-Стварыцеля – гэта “глыбока інклюзіўны” праект, які ставіць у цэнтр менавіта “жыхароў экзістэнцыяльных перыферый”; гэта праект, які падобна да маці, глядзіць на сваіх дзяцей як на розныя пальцы адной рукі”, - сцвердзіў Святы Айцец.
Пантыфік падкрэсліў уклад жанчын у большую павагу да іншых, падкрэсліваючы, што і яны патрабуюць абароны, бо часта падвяргаюцца гвалту, эксплуатацыі, маргіналізацыі і неправамернаму ціску. Папа заклікаў не замоўчваць несправядлівасць у адносінах да жанчын і даваць ім большую прастору для дзейнасці, асабліва ў сферы абароны чалавечага жыцця.
Святы Айцец адзначыў, што жанчыны дапамагаюць па-новаму супрацьстаяць новым праблемам: сведчаннем гэтага з’яўляюцца шматлікія жанчыны са Святога Пісання, якія мелі вырашальнае значэнне ў галоўныя моманты гісторыі збаўлення, а таксама многія святыя жанчыны, якія ўражваюць сваёй рашучасцю, адвагай, вернасцю, здольнасцю цярпець і перадаваць радасць, а таксама сумленнасцю, пакорай і непахіснасцю.
“Наша гісторыя літаральна ўсеяна такімі жанчынамі, як знакамітымі, так і невядомымі – але толькі не Богу! – якія вядуць наперад сем’і, грамадствы і Касцёл. Мы таксама ўсведамляем гэта тут, у Ватыкане, дзе цяпер ёсць шмат жанчын, што “шмат працуюць” нават на вельмі адказных пасадах”, - дадаў Папа.
Францішак зазначыў, што роля жанчын таксама важная ў кантэксце эпахальных перамен, “звязаных з прагрэсіўным развіццём і выкарыстаннем штучнага інтэлекту, і спалучанай з гэтым далікатнай праблемай нараджэння новай і непрадказальнай дынамікі ўлады”.
“Гэта сцэнар, які нам яшчэ ў значнай ступені невядомы, і прагнозы ў якім могуць быць толькі здагадкавымі і прыблізнымі. Але жанчынам ёсць што сказаць у гэтай сферы. Фактычна, яны ўмеюць унікальным чынам сінтэзаваць у сваёй манеры дзеянняў тры мовы: мову розуму, мову сэрца і мову рук. Гэта сінтэз, уласцівы толькі чалавеку і які жанчына ўвасабляе цудоўным чынам, якога не магла б дасягнуць ніякая машына, таму што яна не адчувае, як б’ецца ў ёй сэрца дзіцяці, якое яна носіць ва ўлонні; яна не падае, стомленая і шчаслівая, побач з ложкам сваіх дзяцей; яна не плача ад болю і радасці, удзельнічаючы ў болях і радасцях людзей, якіх яна любіць. Жанчына ж робіць гэтыя рэчы натуральным і непаўторным спосабам, менавіта дзякуючы здольнасці клапаціцца. Па гэтай прычыне, як пісалі Айцы Другога Ватыканскага Сабору, можна сказаць, што “ў той час, калі чалавецтва перажывае [...] глыбокую трансфармацыю, жанчыны [...] могуць шмат зрабіць, каб дапамагчы яму не заняпасці”, - сцвердзіў Святы Айцец.
Кніга “Больш жаночага лідарства дзеля лепшага свету” выйшла 8 сакавіка 2023 года пад рэдакцыяй Ганны Марыі Таранталы. Выданне стала вынікам сумеснага даследавання фонду Centesimus Annus Pro Pontifice і Стратэгічнага альянсу каталіцкіх універсітэтаў (SACRU). У ім удзельнічалі 15 навукоўцаў з 10 універсітэтаў у 8 краінах свету.