Святы Айцец: усе ў Касцёле пакліканы быць апосталамі

Хрысціянскае пакліканне да апостальства тычыцца ўсіх, яно прадугледжвае роўнасць у годнасці і перманентнае супрацоўніцтва паміж свецкімі вернікамі і касцёльнай іерархіяй, лічыць Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

15 сакавіка 2023 года Францішак правёў агульную аўдыенцыі на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, падчас якой працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны евангелізацыйнай руплівасці і апостальскаму запалу. Ён прапанаваў вернікам паразважаць у святле дакументаў Другога Ватыканскага Сабора над тым, што значыць быць апосталамі ў нашыя дні.

“Слова “апостал” наводзіць на думку пра групу дванаццаці вучняў, выбраных Езусам. Часам “апосталам” называюць нейкага святога, ці, у больш шырокім сэнсе, біскупаў... Але ці ўсведамляем мы, што быць апосталам – гэта заданне кожнага хрысціяніна. Ці ўсведамляем мы, што яно тычыцца кожнага з нас? Мы пакліканы быць апосталамі – гэта значыць пасланымі – у Касцёле, які ў Сімвале веры вызнаем апостальскім”, - нагадаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што “хрысціянскае пакліканне па сваёй сутнасці з’яўляецца таксама пакліканнем да апостальства” (Apostolicam actuositatem (AA), 2). “Гэта пакліканне дае магчымасць выканаць уласнае апостальскае заданне актыўным і крэатыўным чынам, ва ўлонні Касцёла, у якім “пры адзінстве місіі існуе разнастайнасць паслуг. Апосталам і іх наступнікам Хрыстус даручыў абавязак навучання, асвячэння i кіравання ад Яго імя і паводле Яго моцы. Аднак і свецкія, стаўшы ўдзельнікамі святарскай, прароцкай і каралеўскай функцыі Хрыста, здзяйсняюць у Касцёле i ў свеце сваю частку місіі ўсяго Божага народу” (AA, 2), - сказаў ён.

Францішак асаблівым чынам адзначыў важнасць таго, каб свецкія вернікі і касцёльная іерархія пастаянна супрацоўнічалі ў ажыццяўленні апостальскай місіі, а не толькі ў пэўных сітуацыях. Ён таксама заўважыў, што “ў рамках адзінства місіі, разнастайнасць харызматаў і служэнняў не павінна весці да з’яўлення прывілеяваных катэгорый усярэдзіне касцёльнага цела”.

“Хоць некаторыя з волі Хрыста пастаўлены настаўнікамі, распарадчыкамі таямніц і пастырамі іншых, аднак паводле годнасці і агульнай для ўсіх вернікаў дзейнасці ў будаванні Хрыстовага цела паміж усімі пануе сапраўдная роўнасць” (Lumen gentium, 32)”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Пытанне роўнасці ў годнасці патрабуе ад нас пераасэнсавання многіх аспектаў нашых адносін, якія маюць ключавое значэнне для евангелізацыі. Напрыклад, ці асэнсоўваем мы, што сваімі словамі можам пакрыўдзіць чалавечую годнасць і такім чынам парушыць адносіны ў Касцёле? Спрабуючы весці дыялог са светам, ці ўмеем мы размаўляць паміж сабой, як вернікі? (...) Ці маем гатоўнасць размаўляць прама, тварам у твар, або адпраўляем пасланні праз трэціх асоб? Ці ўмеем мы слухаць, каб зразумець матывы іншага, або навязваем сваю пазіцыю, магчыма нават лагоднымі словамі?”, - прапанаваў паразважаць Папа.

Францішак зазначыў, што ў Касцёле не павінна быць месца для кар'ерызму і высакамер'я, бо ўсе маюць роўную годнасць: біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі, дарослыя і дзеці. “Мы ўсе роўныя і калі адна частка лічыць сябе больш важнай за іншыя і крыху задзірае нос, яна памыляецца”, - дадаў Пантыфік, заклікаючы маліцца за такіх людзей і памятаць, што ўсе ў Касцёле пакліканы быць пакорнымі апосталамі, якія служаць Богу і бліжнім.

“Дарагія браты і сёстры, давайце не будзем баяцца ставіць сабе такія пытанні. Давайце будзем пазбягаць ганарыстасці, звязанай з пасадамі. Гэтыя словы могуць дапамагчы нам праверыць тое, як мы жывём нашым хросным пакліканнем, якімі апосталамі з’яўляемся ў Апостальскім Касцёле, які знаходзіцца на службе іншым”, - завяршыў катэхезу Пантыфік.
 

15 сакавіка 2023, 10:13

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >