Святы Айцец можа вярнуцца ў Ватыкан ужо ў суботу
Аляксандр Панчанка – Vatican News
31 сакавіка 2023 года Матэа Бруні паінфармаваў, што “ўчарашні дзень прайшоў добра, з нармальнай клінічнай карцінай”. Францішак павячэраў, з’еўшы піцу разам з тымі, хто суправаджае яго ў бальніцы: урачамі, медсёстрамі, сакратарамі і ватыканскімі жандарамі.
“Сёння раніцай пасля сняданку ён прачытаў некалькі газет і вярнуўся да працы”, - зазначыў афіцыйны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.
Вяртанне Пантыфіка ў ватыканскі Дом святой Марты плануецца заўтра, у залежнасці ад вынікаў даследаванняў, якія былі праведзены сёння раніцай, - падкрэсліў кіраўнік Залы Друку. Ён дадаў, што чакаецца таксама ўдзел Папы ў цэлебрацыі літургіі Пальмовай Нядзелі, якая пройдзе 2 красавіка 2023 года на плошчы святога Пятра.