Капелан калоніі непаўналетніх пра візіт Францішка
Марыя Валодзіна – Vatican News
Папа правядзе ў калоніі літургію Вячэры Пана і абрад мыцця ног. Тых маладых людзей, якія былі ў калоніі дзесяць гадоў таму, на самым пачатку пантыфікату Францішка, ужо не будзе. "Відавочна, што хлопцы змяніліся. На шчасце, я б сказаў. Больш няма нікога, хто прысутнічаў дзесяць гадоў таму", - заўважыў малады капелан калоніі, ксёндз Нікола Чэкаліні, у інтэрвью ватыканскім СМІ. Гэта, відавочна, сведчыць аб тым, што працуюць адукацыйныя і рэабілітацыйныя праграмы для зняволеных. Апошняе слова ксёндз Чэкаліні не ўжывае, бо для яго яны – "хлопцы і дзяўчаты".
У калоніі Пантыфіка чакае "маляўнічая супольнасць", - падкрэсліў капелан. Тут утрымоўваюцца каля пяцідзесяці чалавек ва ўзросце ад 14 да 25 гадоў. Сярод іх італьянцы, арабы, афрыканцы, цыганы, атэісты, католікі, праваслаўныя і мусульмане, якія ў гэтыя дні святкуюць Рамадан. "Для іх гэта таксама асаблівы выпадак, доўгачаканы, - адзначыў святар, - ім цікава сустрэцца з чалавекам, які, як яны ведаюць, грае вельмі важную ролю і едзе да іх у госці". Акрамя маладых людзей, з Папам сустрэнуцца супрацоўнікі пенітэнцыярнай паліцыі, педагогі, псіхолагі, лекары, настаўнікі, а таксама дырэктар і камендант.
Дванаццаць зняволеных прымуць удзел у старажытным і заўсёды кранальным абрадзе абмывання ног. Выбар адбыўся без канкрэтнага крытэру: “Для нас яны ўсе аднолькавыя", - адзначыў ксёндз Чэкаліні, дадаючы, што падрыхтоўка да прыезду Папы аб'яднала ўсіх, умацоўваючы пачуццё супольнасці, якое у такім месце, як турма, непазбежна падвяргаецца выпрабаванню.
Святар назваў папскі візіт “знакам магчымасці новага і іншага жыцця для ўсіх”, “не толькі для тых, хто здзейсніў дробныя злачынствы, такія як крадзяжы і рабаванні, але і для тых, хто запляміў сябе больш сур'ёзнымі злачынствамі супраць асобы, такімі як забойствы і спробы забойства. Езус, у вобразе свайго намесніка, наведае ўсіх”.
Калонія спрабуе заахвоціць зняволеных пачаць новае жыццё, у якім няма месца злачыннасці. Гэта робіцца шляхам навучання ў школе, ручной працы, садоўніцтва, сацыяльных адносін. Па нядзелях у капліцы заўсёды цэлебруецца Эўхарыстыя, а на працягу тыдня капелан наведвае зняволеных, якія для яго “ўсе аднолькавыя, незалежна ад таго, хрысціяніне ці мусульмане”. “Неабходна глядзець не толькі на тое, што яны зрабілі. На іх трэба глядзець глыбей", - лічыць святар.