Пантыфік да манахінь: будзьце жанчынамі-сведкамі Уваскрослага!
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак спаслаўся на сваю адгартацыю Evangelii gaudium і звярнуў увагу на тое, што “Езус Хрыстус можа зламаць цяжкія схемы, у якія мы імкнёмся Яго заключыць, і здзіўляе нас сваёй няспыннай боскай крэатыўнасцю”.
“Кожны раз, калі мы хочам звярнуцца да крыніц і знайсці першапачатковую свежасць Евангелля, нам адкрываюцца новыя шляхі, творчыя метады, іншыя формы выяўлення, найбольш выразныя знакі, словы, поўныя новага сэнсу для сучаснага свету”, - адзначыў Пантыфік.
Ён заклікаў манахінь “ісці разам” і “дазволіць Духу Святому выхоўваць сябе да сапраўднага сінадальнага мыслення, уступаючы ў працэс навяртання з мужнасцю і свабодай сэрца”. Папа нагадаў аб тым, што “сінадальнасць з’яўляецца галоўнай дарогай для Касцёл, пакліканага да аднаўлення пад дзеяннем Духа Святога і дзякуючы слуханню Слова”.
У гэтай дынаміцы, лічыць Святы Айцец, манаскія асобы павінны заставацца “будаўнікамі Валадарства Божага ў лучнасці з іншымі касцёльнымі рэаліямі”, перш за ўсё з пастырамі, нават калі ёсць адчуванне, што няма належнай ацэнкі і разумення з іх боку; варта “слухаць, сустракацца, весці дыялог, будаваць планы разам”.
“Будзем жа рэалістамі, але не губляючы радасці, смеласці і аддання, поўнага надзеі! - заклікаў Францішак прадстаўніц манаскіх супольнасцей Італіі.