Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: сучасны каланіялізм – злачынства і перашкода міру

Падпарадкаванне і эксплуатацыя народаў з дапамогай сілы або культурнага і палітычнага пранікнення – гэта злачынства. Неакаланіялізм перашкаджае міру, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік скіраваў пасланне да ўдзельнікаў семінару на тэму Каланізацыя, дэкаланізацыя і неакаланіязацыя з пункту гледжання справядлівасці і агульнага дабра, які 30-31 сакавіка 2023 года прайшоў у сядзібе Папскай акадэміі сацыяльных навук.

Францішак заўважыў, што сёння каланіялізм больш не з’яўляецца “геаграфічным”, але мае эканамічныя і ідэалагічныя аспекты: ён змяніўся ў сваіх формах, метадах і абгрунтаваннях. У якасці прыкладу Папа згадаў пра Дэмакратычную Рэспубліку Конга, якую нядаўна адведаў з Апостальскім візітам. Гэта краіна абвясціла незалежнасць 70 гадоў таму, але яе рэсурсы дагэтуль выкарыстоўваюцца іншымі дзяржавамі, што адбіваецца на тэрыторыі, насельніцтве і агульным дабры.

Папа выказаў занепакоенасць пашырэннем ідэалагічнага каланіялізму, які імкнецца да ўніфікацыі ўсяго, душачы натуральную сувязь народаў з іх каштоўнасцямі, выкараняючы іх традыцыі, гісторыю і рэлігійныя повязі. Гэта менталітэт, які не церпіць адрозненняў і засяроджваецца выключна на сучаснасці, на індывідуальных правах, грэбуючы абавязкамі ў адносінах да самых малых і безабаронных.

Пантыфік з жалем адзначыў, што стагоддзі крывавага і бесчалавечнага гістарычнага вопыту не паслужылі нараджэнню глабальнай ідэі вызвалення, самавызначэння і салідарнасці паміж народамі і людзьмі. Цяпер усё здзяйсняецца больш падступна, і існуе рызыка таго, што сапраўдныя прычыны, якія прывялі да каланіялізму, будуць заменены гістарычнымі інтэрпрэтацыямі, якія апраўдваюць панаванне меркаванымі “натуральнымі” недахопамі каланізаваных.

Нельга забывацца, нагадаў Папа, што канкрэтныя выразы справядлівасці і агульнага дабра выспяваюць у народах і як такія павінны паважацца. Гісторыя, паходжанне, традыцыі, рэлігіі – усё гэта ўплывае на логіку, якая надае сэнс вызначэнню таго, што з’яўляецца правільным і добрым. Вось чаму ніякая ўлада – палітычная, эканамічная, ідэалагічная – не мае права ў аднабаковым парадку вызначаць тоеснасць нацыі ці сацыяльнай групы.

Францішак папрасіў прабачэння за дзеянні некаторых вернікаў, якія прама ці ўскосна прычыніліся да працэсаў палітычнага ці тэрытарыяльнага падпарадкавання розных народаў Амерыкі і Афрыкі. Ён папрасіў прабачэння таксама за памылкі і ўпушчэнні, якія выявіліся ці выяўляюцца ў цяперашні час. Папа пацвердзіў сваю цвёрдую волю дзейнічаць у адпаведнасці з сацыяльным вучэннем Касцёла і працаваць насуперак неакаланізацыйным працэсам, ад якіх пакутуе чалавецтва.
 

01 красавіка 2023, 10:42