Пантыфік сустрэўся з грэка-католікамі Венгрыі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пасля сустрэчы з беднымі і бежанцамі, якая адбылася ў касцёле святой Альжбеты Венгерскай у Будапешце, Папа Францішак наведаў суседні грэка-каталіцкі храм, дзе адбылася яго кароткая сустрэча з супольнасцю Венгерскай Грэка-Каталіцкай Царквы.
Калі Пантыфік увайшоў у святыню, яго сустрэлі традыцыйнымі літургічнымі спевамі. З кароткім віншавальным словам да яго звярнуўся Архіепіскап Хайдударагскі Пэтэр Фюлёп Кошыч, які нагадаў словы святога Яна Паўла ІІ пра тое, што Касцёл дыхае двума лёгкімі – усходняй і заходняй духоўнасцю.
“Гэты паэтычна-тэалагічны вобраз асабліва раскрываецца тут, на гэтай плошчы, дзе знаходзяцца два храмы, дзе жывуць дзве супольнасці, адна лацінскага абраду, а другая візантыйскага”, - заўважыў венгерскі пастыр, падкрэсліваючы пакутлівую гісторыю сваёй Царквы і яе пакліканне быць мостам. Затым прагучала кароткая малітва, якую Папа завяршыў удзяленнем прысутным благаслаўлення.