Пантыфік сустрэўся з персаналам італьянскай авіякампаніі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас сустрэчы, якая прайшла 14 красавіка 2023 года, Папа згадаў як Павел VI 4 студзеня 1964 года стаў першым у гісторыі Пантыфікам, які адправіўся на самалёце ў апостальскае падарожжа. І гэта быў самалёт Alitalia, нашчадкам якой з’яўляецца ITA Airways. Гэты рэйс стаў прадвеснікам “новага спосабу ажыццяўлення пастырскага служэння Папы, які дазволіў Біскупу Рыма дасягнуць столькіх людзей, якія ніколі б не змаглі здзейсніць паломніцтва ў Рым”.
“Пры святым Яне Паўле II, які за 27 гадоў свайго пантыфікату ажыццявіў 104 міжнародныя паездкі, такая форма місіі стала неад'емнай часткай пантыфікату. Так падарожнічаў яго пераемнік Бэнэдыкт XVI; так працягваю падарожнічаць і я. Праз два тыдні, з Божай дапамогай, я адпраўлюся ў сваю 41-ю пілігрымку ў Венгрыю. А потым будзе Марсэль, потым Манголія... і ўсё тое, што знаходзіцца ў спісе чакання", - сказаў Францішак.
Папа назваў “каштоўным служэннем” тое, што робяць супрацоўнікі нацыянальнай авіякампаніі. Яно патрабуе “кампетэнтнасці, клопату і ўвагі да многіх дэталяў, уключаючы няпростую лагістыку”.
“Для мяне важна сустракацца з людзьмі, сустракацца з супольнасцямі, вернікамі, прадстаўнікамі іншых рэлігій, жанчынамі і мужчынамі добрай волі... Сустракацца асабіста, гаварыць асабіста – гэта зусім іншае, чым напісаць пасланне, ці, магчыма, запісаць відэа. Гэта не тое самае... Папа падарожнічае, каб падтрымаць сваіх братоў і сясцёр у веры, каб быць побач з тымі, хто пакутуе, каб дапамагчы тым, хто працуе ў імя міру. Усё гэта магчыма дзякуючы вам. За гэта я дзякую вам, і, пакуль Бог будзе спрыяць, мы будзем працягваць лётаць разам”, - сказаў Святы Айцец менеджменту і супрацоўнікам італьянскага авіяперавозчыка.