Папа: евангелізацыя патрабуе ініцыятывы і свабоды ад схем

Не можа быць дабравесця без руху, без “выйсця”, без ініцыятывы, - нагадаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 12 красавіка 2023 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак прысвяціў катэхезу евангелізацыйнай руплівасці святога Паўла, спасылаючыся на некаторыя яго пасланні. Ён нагадаў, што Апостал народаў, грунтуючыся на ўласным досведзе, добра ведаў пра пастку скажонага запалу, скіраванага ў памылковым напрамку, у якую сам трапіў да свайго лёсавызначальнага падзення на дарозе ў Дамаск.

“Часам і нам даводзіцца мець справу з кепска арыентаванай руплівасцю, упартай у захаванні чыста чалавечых і састарэлых для хрысціянскай супольнасці норм”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы словы Апостала народаў: “Яны рупяцца аб вас не з добрых меркаванняў” (Гал 4,17).

Папа са шкадаваннем зазначыў, што некаторыя прысвячаюць сябе памылковым заняткам нават у самой хрысціянскай супольнасці; хваляцца ілжывым евангельскім запалам, на самой справе імкнучыся да мірской славы, служачы уласным перакананням і кіруючыся любоўю да сябе.

Гаворачы пра рысы сапраўднай евангелізацыйнай руплівасці Францішак спаслаўся на словы апостала Паўла пра Божую зброю, патрэбную для духоўнай барацьбы, які, між іншым, кажа пра гатоўнасць распаўсюджваць Евангелле, у якую трэба “абуцца”. Пантыфік заўважыў, што гэта метафара паходзіць з Кнігі прарока Ісаі: “Якія прыгожыя на гарах ногі пасланца, які абвяшчае мір, які нясе радасць і абвяшчае збаўленне, які кажа Сіёну: Валадарыць Бог твой!” (52,7).

Папа падкрэсліў, што людзі, якія абвяшчаюць Евангелле павінны рухацца: яны быццам ногі цела Хрыста, якім ёсць Касцёл. “Не можа быць дабравесця без руху, без “выйсця”, без ініцыятывы... Евангелле не абвяшчаецца стоячы на месцы, зачыніўшыся ў кабінеце, за пісьмовым сталом ці перад камп’ютарам, палемізуючы як “львы клавіятуры” і замяняючы крэатыўнасць абвяшчэння “копіпастам” ідэй, узятых у розных месцах. Евангелле абвяшчаецца рухаючыся, крочачы, ідучы”, - сцвердзіў Францішак.

Папа зазначыў, што чалавек, які абвяшчае Добрую навіну, павінен быць гатовы вырушыць у шлях, ведаючы, што Пан праходзіць побач, здзіўляючы. “Таму ён павінен быць вольны ад схем і гатовы да нечаканых і новых дзеянняў, гатовы на сюрпрызы”, - сказаў Святы Айцец.

Прапаведнік Евангелля, не можа быць “закамянелым у ланцугах прадказальнасці” і не павінен баяцца нешта змяняць, сцвярджаючы, што “заўсёды так было”, - падкрэсліў Пантыфік, заклікаючы наследаваць апостала Паўла, які казаў пра самаго сябе: “Маё слова і прапаведаванне не ў пераканаўчых словах мудрасці, а ў праяўленні Духа і моцы, каб вера вашая грунтавалася не на чалавечай мудрасці, а на моцы Божай” (1 Кар 2,4-5).

Напрыканцы катэхезы Святы Айцец заахвоціў станавіцца бясстрашнымі і ініцыятыўнымі евангелізатарамі, якія ідуць наперад, несучы спакой, прыгажосць, і навізну Хрыста, якая змяняе ўсё.
 

12 красавіка 2023, 10:04

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >