Папа: дар братэрскай любові ляжыць у аснове хрысціянства
Марыя Валодзіна - Vatican News
Папа ўручыў сваім гасцям тэкст загадзя падрыхтаванай прамовы, у якой павіншаваў іх з 50-годдзем заснавання супольнасці і выказаў сваю ўдзячнасць “за намаганні, якія яны прыкладаюць у кансэкраваным жыцці, за служэнне Касцёлу і свету”. Cупольнасць Благаслаўленняў, заснаваная на духоўнасці сузірання, малітвы і місіі, “уносіць каштоўны ўнёсак у міжканфесійны дыялог, мірабудаўніцтва і абарону правоў чалавека, яе сведчанне натхняе многіх”.
Духоўнае жыццё членаў супольнасці адзначана “пастаянным імкненнем да яднання з Богам, якое ўвасабляецца ў штодзённай Эўхарыстыі, глыбокай пашане да Святой Камуніі, малітоўным жыцці ў адпаведнасці з духоўнасцю кармелітаў і ў імкненні да бесперапыннай малітвы ў адпаведнасці з духоўнасцю Ўсходніх Цэркваў”.
Акрамя таго, супольнасць выконвае “вельмі шырокае і разнастайнае” служэнне, - гаворыцца ў прамове. Важную магчымасць для сведчання дае служэнне святароў у парафіях, прысутнасць у некаторых святынях у Францыі, Венгрыі, Італіі і Кот-д'Івуары, падтрымка гуманітарных праектаў дапамогі дзецям, якія знаходзяцца ў бядотным становішчы і галадаюць, інвалідам, малазабяспечаным сем'ям і адзінокім маці, размеркаванне харчавання і медыцынскае абслугоўванне. Бальніца, клініка, афтальмалагічны цэнтр і стаматалагічны кабінет, арганізаваныя супольнасцю, служаць самым уразлівым і маргіналізаваным. У большасці дамоў супольнасці, а таксама ў турмах, працуюць цэнтры дапамогі для тых, хто сутыкаецца з цяжкасцямі. “Важна, каб тыя, хто пакутуюць і адчуваюць сябе адзінокімі, маглі знайсці месца, дзе іх могуць сустрэць і пачуць”, - перакананы Пантыфік.
Яшчэ адзін аспект служэння супольнасці – летняя евангелізацыйная дзейнасць у месцах адпачынку: малітвы, Імшы, набажэнствы, сустрэчы, вулічныя спектаклі, чуванні. Гэтая дзейнасць, на думку Святога Айца, “дэманструе адкрытасць да патрэбаў моладзі і гатоўнасць несці Слова Божае паўсюль і ва ўсіх абставінах”.
Міжнародныя сустрэчы, якія супольнасць праводзіць у Лурдзе і Лізьё, а таксама пілігрымкі ў Святую Зямлю і іншыя месцы, даюць магчымасць духоўнага абнаўлення і “вядуць да паглыблення або часам да адкрыцця каранёў веры і ўмацавання адносін з Богам”, -гаворыцца ў прамове.
“У грамадскім жыцці вы ўвасабляеце дар братэрскай любові, які ляжыць у аснове нашага хрысціянства, і памятайце, што мы пакліканы не заставацца адны, а ісці разам, дапамагаючы адзін аднаму ў веры і любові да Бога. У гэтым моц кансэкраванага жыцця: у братэрстве, малітве і служэнні блізкаму”, - падкрэсліў Пантыфік.
Святы Айцец заклікаў гасцей рухацца наперад “з стараннасцю і без страху, сведчыць пра веру з радасцю і надзеяй і заўсёды заставацца адкрытымі і паслухмянымі для Святога Духа – галоўнага героя ў жыцці Касцёла і ў евангелізацыі”. Акрамя таго, Францішак запрасіў членаў супольнасці Благаслаўленняў “заставацца прыхільнымі да навучання маладога пакалення і да міжканфесійнага дыялогу, асабліва з мусульманскімі братамі і сёстрамі”.