Папа падчас візіту ў базыліку Санта-Марыя-Маджорэ Папа падчас візіту ў базыліку Санта-Марыя-Маджорэ 

Святы Айцец даверыў Маці Божай візіт у Венгрыю

Францішак здзейсніў традыцыйны прыватны візіт у рымскую базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, каб даручыць апецы Панны Марыі сваю чарговую замежную пілігрымку.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“26 красавіка Папа Францішак адправіўся ў базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, каб памаліцца перад іконай Маці Божай Salus Populi Romani і даверыць ёй падарожжа ў Венгрыю. Затым ён вярнуўся ў Ватыкан”, - паінфармавала Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Святы Айцец адведае Будапешт з 28 па 30 красавіка 2023 года. Гэта будзе яго 41-е Апостальскае падарожжа. Яно пройдзе пад дэвізам Хрыстус – наша будучыня.

Праграма пілігрымкі прадугледжвае сустрэчу з мясцовымі дзяржаўнымі ўладамі, духавенствам, кансэкраванымі асобамі і душпастырскімі работнікамі, хворымі дзецьмі, моладдзю, беднымі і бежанцамі, венгерскімі езуітамі, а таксама каталіцкай навуковай і ўніверсітэцкай супольнасцю. У апошні дзень візіту, у нядзелю 30 красавіка, Папа ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы і правядзе малітву Regina Caeli.

Францішак наведваў Венгрыю ў 2021 годзе ў сувязі з Міжнароднымі эўхарыстычным кангрэсам. Гэта паездка не насіла афіцыйнага характару і была абмежавана ўдзелам Папы ў форуме. Як нядаўна прызнаўся Святы Айцец сваім цяперашнім падарожжам у Будапешт ён хоча дапоўніць візіт двухгадовай даўніны.
 

27 красавіка 2023, 08:40