Папа: хвароба – нагода для сустрэчы з блізкасцю і любоўю Бога
Аляксандр Панчанка – Vatican News
20 красавіка 2023 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнай асамблеі Папскай біблійнай камісіі, якая прайшла ў Ватыкане на тэму: Хвароба і пакуты ў Бібліі. Францішак урычыў сваім гасцям тэкст прамовы, у якой нагадаў, што ў сучасным свеце людзі пазбягаюць пытанняў аб сэнсе хваробаў і канечнасці чалавечага існавання, якія часта разумеюцца як страта, некаштоўнасць, непрыемнасць, якую трэба звесці да мінімуму, якой трэба супрацьстаяць, якую трэба выключыць любым коштам. Досвед пакут палохае і шакуе таксама і вернікаў, часам настолькі, што можа прывесці да страты веры, - падкрэсліў ён.
Сустрэча з хваробай вядзе чалавека на раздарожжа: ён можа замкнуцца ў сабе, паддацца адчаю і бунту, а можа прыняць яе як нагоду для росту і распазнавання таго, што па-сапраўднаму каштоўнае ў жыцці, аж да сустрэчы з Богам, - заўважыў Пантыфік, дадаючы, што менавіта гэты другі погляд на пакуты мы сустракаем у Святым Пісанні.
Чалавек Старога Запавету перажываў хваробы з думкамі, няспынна скіраванымі да Бога: давяраў Яму ў балючыя моманты, прасіў аб аздараўленні і навяртаўся падчас выпрабаванняў. У Новым Запавеце Бог сам выходзіць насустрач немачнаму чалавеку, паказваючы сваю любоў да яго ў Езусе Хрысце, які здзяйсняў шматлікія цуды аздараўлення, атаясамліваў сябе з хворымі, аж да прыняцця пакут на крыжы, а пасля Уваскрасення даручыў вучням заданне клапаціцца пра іх.
“Біблія не прапануе ні банальнага і ўтапічнага адказу на пытанне пра хваробу і смерць, ні фаталістычнага адказу, які апраўдвае ўсё, прыпісваючы гэта незразумеламу боскаму рашэнню, ці яшчэ горш, няўмольнаму лёсу, перад якім застаецца толькі скарыцца, без разумення”, - напісаў Святы Айцец.
Францішак падкрэсліў, што “біблійны чалавек, наадварот, адчувае сябе закліканым сутыкнуцца з паўсюдным станам пакут як з месцам сустрэчы з блізкасцю і спачуваннем Бога, добрага Айца, які з бясконцай міласэрнасцю бярэ на сябе цяжар сваіх параненых стварэнняў, каб вылечваць, уздымаць і збаўляць іх”.
Святы Айцец адзначыў, што “для хрысціяніна таксама і немач з’яўляецца вялікім дарам адзінства, праз які Бог робіць яго ўдзельнікам Сваёй паўнаты дабра менавіта дзякуючы досведу слабасці”.
“Тое, як мы перажываем боль, кажа пра нашу магчымасць любіць і дазваляць любіць сябе, пра нашу здольнасць надаваць сэнс жыццёвым падзеям у святле любові і пра нашу гатоўнасць прыняць абмежаванні як нагоду для росту і адкуплення. Гэта тое, што падкрэсліваў святы Ян Павел ІІ, калі, абапіраючыся на ўласны досвед, указваў на сцежку пакут, як на шлях да адкрытасці на яшчэ большую любоў”, - падкрэсліў Папа.
Пантыфік звярнуў увагу і на іншы аспект: хваробы вучаць жыць салідарнасцю згодна з Божым стылем, якому ўласціва блізкасць, спагада і ласкавасць. “Прыпавесць пра Добрага Самараніна нагадвае нам, што схіленне над пакутамі іншых – гэта не факультатыўны выбар, а неад’емная ўмова, як для ўласнай поўнай чалавечай рэалізацыі, так і для будавання грамадства, інклюзіўнага і па-сапраўднаму скіраванага на агульнае дабро”, - сказаў Святы Айцец.