Папа падзякаваў венграм за прыём і памаліўся аб міры ва Украіне
Марыя Валодзіна – Vatican News
Завяршаючы свой візіт у Венгрыю, Папа прывітаў прэзідэнта, прэм'ер-міністра і ўлады краіны, выказаўшы ім, а таксама біскупам, святарам, кансэкраваным асобам і ўсяму венгерскаму народу падзяку “за прыём і любоў, якую ён адчуў у гэтыя дні”. Ён падзякаваў усім, хто прыехаў на сустрэчу здалёк, а таксама тым, хто працаваў над візітам.
Асаблівую думку Францішак скіраваў хворым і пажылым, усім тым, хто не змог прысутнічаць на сустрэчы, тым, хто адчувае сябе адзінокім і тым, хто страціў веру ў Бога і надзею на жыццё. “Я побач з вамі, я малюся за вас і благаслаўляю вас”, - сказаў Святы Айцец.
Папа прывітаў дыпламатаў і прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх канфесій. “Дзякуй за вашу прысутнасць і за тое, што ў гэтай краіне розныя канфесіі сустракаюцца і падтрымліваюць адзін аднаго”, - сказаў Папа, дадаючы, што межы павінны не падзяляць, а “быць зонамі кантакту”. “Нас аб'ядноўвае Евангелле”, - сказаў Святы Айцец, дадаючы, што “Eзус – Добры Пастыр жадае, каб мы аб'ядналіся ў адзін статак”.
Затым Францішак звярнуўся да Маці Божай, Magna Domina Hungarorum, каралевы венграў, заступніцтву якой ён даверыў гэты народ, а таксама “будучыню ўсяго еўрапейскага кантынента, асабліва справу міру”. "Святая Дзева, звярні свой позірк на народы, якія пакутуюць больш за ўсё. Звярні свой позірк перш за ўсё на суседні змучаны ўкраінскі народ і на рускі народ, прысвечаны табе. Ты - каралева міру, ты ўсяляеш ў сэрцы людзей і кіраўнікоў народаў жаданне будаваць мір, даць маладому пакаленню будучыню надзеі, а не вайны, будучыню, у якой будзе шмат калысак, а не магіл, свет братоў, а не муроў".
Папа памаліўся Багародзіцы, каб Касцёл у Еўропе “зноў здабыў моц малітвы, каб ён зноў адкрыў пакору паслушэнства, запал сведчання і прыгажосць абвяшчэння”. “Давяраем табе гэты Касцёл і гэтую краіну”, - сказаў Францішак, просячы Панну Марыю напоўніць нашы сэрцы радасцю Хрыста. “Дарагія браты і сёстры! Жадаю вам распаўсюджваць радасць Хрыста! З удзячнасцю за гэтыя дні я нашу вас у сваім сэрцы і прашу вас маліцца за мяне! Хай Бог благаславіць венграў!” - такімі словамі завяршыў Папа сваю прамову.