Пошук

Папа прыбыў у Венгрыю: сустрэча з палітычнымі лідарамі

Святы Айцец прыбыў у Венгрыю. Папскі самалёт прызямліўся ў Міжнародным аэрапорце імя Ферэнца Ліста ў Будапешце каля 10:00 гадзін раніцы 28 красавіка 2023 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Ля трапу Папу сустрэў віцэ-прэм'ер венгерскага ўрада Жолт Шэм’ен. Дзяўчынка і хлопчык у традыцыйных строях прывіталі высокага госця хлебам-соллю. Пасля кароткай размовы, Францішак накіраваўся ў Палац Шандор, афіцыйную рэзідэнцыю прэзідэнта Венгерскай Рэспублікі.

Тут адбылася цырымонія прывітання Папы і яго кароткая прыватная сустрэча з кіраўніцай краіны Каталін Новак. Падчас сустрэчы Пантыфік падпісаў ганаровую кнігу, пакінуўшы ў ёй наступны запіс: “Як пілігрым і сябар прыбыў я ў Венгрыю, краіну, багатую гісторыяй і культурай. У Будапешце, горадзе мастоў і святых, я думаю аб усёй Еўропе і малюся, каб яна была адзінай і салідарнай, і ў нашы дні заставалася домам міру і прароцтва гасціннасці”.

Падчас традыцыйнага абмена падарункамі Папа ўручыў прэзідэнту Новак памятны медаль, адчаканены спецыяльна да апостальскага падарожжа ў Венгрыю, а таксама залаты медаль яго пантыфікату.

Перад тым, як накіравацца ў былы кармэлітанскі кляштар на сустрэчу з палітычнымі і рэлігійнымі ўладамі, дыпламатычным корпусам, прадпрымальнікамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і культуры, Папа правядзе прыватную сустрэчу з прэм'ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам.

28 красавіка 2023, 11:59