Папа прыбыў у Венгрыю: сустрэча з палітычнымі лідарамі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Ля трапу Папу сустрэў віцэ-прэм'ер венгерскага ўрада Жолт Шэм’ен. Дзяўчынка і хлопчык у традыцыйных строях прывіталі высокага госця хлебам-соллю. Пасля кароткай размовы, Францішак накіраваўся ў Палац Шандор, афіцыйную рэзідэнцыю прэзідэнта Венгерскай Рэспублікі.
Тут адбылася цырымонія прывітання Папы і яго кароткая прыватная сустрэча з кіраўніцай краіны Каталін Новак. Падчас сустрэчы Пантыфік падпісаў ганаровую кнігу, пакінуўшы ў ёй наступны запіс: “Як пілігрым і сябар прыбыў я ў Венгрыю, краіну, багатую гісторыяй і культурай. У Будапешце, горадзе мастоў і святых, я думаю аб усёй Еўропе і малюся, каб яна была адзінай і салідарнай, і ў нашы дні заставалася домам міру і прароцтва гасціннасці”.
Падчас традыцыйнага абмена падарункамі Папа ўручыў прэзідэнту Новак памятны медаль, адчаканены спецыяльна да апостальскага падарожжа ў Венгрыю, а таксама залаты медаль яго пантыфікату.
Перад тым, як накіравацца ў былы кармэлітанскі кляштар на сустрэчу з палітычнымі і рэлігійнымі ўладамі, дыпламатычным корпусам, прадпрымальнікамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і культуры, Папа правядзе прыватную сустрэчу з прэм'ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам.