Папа правядзе літургію Вячэры Пана ў калоніі для непаўналетніх
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы паведаміў, што 6 красавіка 2023 года Францішак адправіцца ў рымскую калонію для непаўналетніх Casal del Marmo, дзе ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы Вячэры Пана. Гэтая літургія пройдзе ў прыватнай форме, але будзе трансліравацца ў прамым эфіры ватыканскімі СМІ.
Хорхэ Марыа Бэрголіа, яшчэ будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэскім, цэлебраваў Імшу Вячэры Пана, адным з элементаў якой з’яўляецца кранальны абрад абмывання ног, не ў катэдральным касцёле, а на “перыферыях людскага існавання”: у бальніцах, дамах для састарэлых, прытулках для бяздомных і турмах.
Гэту традыцыю ён працягнуў пасля абрання на Пасад святога Пятра. У 2021 годзе звычай быў прыпынены ў сувязі з пандэміяй каронавіруса, але цяпер, у дзясятую гадавіну свайго пантыфікату, Святы Айцец зноў адправіцца ў Вялікі чацвер да людзей, якія апынуліся на ўзбочыне жыцця.