Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Copyright by MaxPixel)

Папа правядзе літургію Вячэры Пана ў калоніі для непаўналетніх

Францішак правядзе літургію Вячэры Пана ў калоніі для непаўналетніх – у тым самым месцы, дзе распачынаў Вялікі тыдзень дзесяць гадоў таму, на самым пачатку свайго пантыфікату.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы паведаміў, што 6 красавіка 2023 года Францішак адправіцца ў рымскую калонію для непаўналетніх Casal del Marmo, дзе ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы Вячэры Пана. Гэтая літургія пройдзе ў прыватнай форме, але будзе трансліравацца ў прамым эфіры ватыканскімі СМІ.

Хорхэ Марыа Бэрголіа, яшчэ будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэскім, цэлебраваў Імшу Вячэры Пана, адным з элементаў якой з’яўляецца кранальны абрад абмывання ног, не ў катэдральным касцёле, а на “перыферыях людскага існавання”: у бальніцах, дамах для састарэлых, прытулках для бяздомных і турмах.

Гэту традыцыю ён працягнуў пасля абрання на Пасад святога Пятра. У 2021 годзе звычай быў прыпынены ў сувязі з пандэміяй каронавіруса, але цяпер, у дзясятую гадавіну свайго пантыфікату, Святы Айцец зноў адправіцца ў Вялікі чацвер да людзей, якія апынуліся на ўзбочыне жыцця.
 

01 красавіка 2023, 14:55