Пошук

Regina Caeli: быць радаснымі прапаведнікамі Евангелля

Сведчыць пра Езуса з павагай і любоўю, як пра самы прыгожы дар, якім можна падзяліцца, як пра таямніцу радасці, - заклікаў Пантыфік перад малітвай Уладарка Неба, якую правёў 10 красавіка 2023 года ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Каментуючы евангельскае апавяданне пра сустрэчу жанчын з Уваскрослым Езусам у Пасхальную раніцу, Папа адзначыў што, “менавіта яны, жанчыны-вучні, першымі ўбачылі і сустрэлі Яго”.

“Мы можам запытаць сябе: чаму яны? Па вельмі простай прычыне: таму што яны першымі пайшлі да магілы. Як і ўсе астатнія вучні, яны таксама пакутавалі ад таго, як скончылася справа Езуса, але, у адрозненне ад іншых, яны не засталіся дома, паралізаваныя сумам і страхам. Раніцай, на ўзыходзе сонца, яны пайшлі да цела Езуса, несучы духмянасці. Яны ведалі, што магіла была запячатана, і пыталіся, хто мог адсунуць камень (Мк 16, 1-3). Але жаданне здзейсніць жэст любові перавазіла. Яны не спыніліся, пераадольваючы свае страхі і трывогі. Вось шлях да пошуку Ўваскрослага”, - зазначыў Святы Айцец.

Францішак прапанаваў падрабязна разглядзець сцэну, апісаную Евангеллем: жанчыны прыйшлі, пабачылі пустую магілу і “са страхам і вялікай радасцю” пабеглі паведаміць вучням Ягоным."(Мц 28, 8). “Калі яны пабеглі, каб абвясціць навіну, Езус выйшаў ім насустрач. Калі мы абвяшчаем Пана, Пан прыходзіць да нас”, - сказаў Пантыфік.

“Часам мы думаем, што, каб быць з Богам, трэба хаваць Яго ўнутры сябе, таму што, калі мы адкрыемся і пачнем гаварыць пра Яго, пасыплюцца меркаванні, крытыка. Мы можам не ведаць, што адказаць на пэўныя пытанні ці правакацыі, таму вырашаем, што лепш не казаць пра Яго. Але Пан прыходзіць тады, калі пра Яго паведамляюць. Гэтаму вучаць нас жанчыны: з Езусам сустракаюцца, сведчачы аб Ім”, - падкрэсліў Францішак.

Папа прывёў такі прыклад: “Часам мы атрымліваем выдатную навіну, напрыклад, аб нараджэнні дзіцяці. Тады, першае, што мы робім, гэта дзелімся шчаслівай навіной з сябрамі, і такім чынам перажываем яе наноў. Гэтак жа, толькі бясконца больш, адбываецца з абвяшчэннем пра Езуса, які з'яўляецца не толькі добрай навіной і нават не самай выдатнай у жыцці навіной, але і самім жыццём, “Уваскрасеннем і жыццём” (Ян 11,25). Кожны раз, калі мы абвяшчаем Яго, без прапаганды альбо празелетызму, але з павагай і любоўю, як самы прыгожы дар, якім можна падзяліцца, як таямніцу радасці, тады Езус яшчэ больш жыве ў нас”.

Святы Айцец заўважыў, што Евангельскія жанчыны “ідуць да магілы, нягледзячы на тое, што яна запячатана каменем, ідуць у горад, каб паведаміць пра жывога Езуса, нягледзячы на тое, што ўвесь горад бачыў Яго на крыжы”. Калі мы сустракаемся з Езусам, ніякія перашкоды не могуць утрымаць нас ад абвяшчэння аб Ім. Калі ж мы захоўваем Яго радасць для сябе, магчыма, гэта таму, што мы яшчэ па-сапраўднаму не сустрэліся з Ім, - папярэдзіў Папа.

“Калі я сведчыў пра Езуса ў апошні раз? Што я раблю сёння, каб людзі, якіх я сустракаю, атрымалі радасць ад сведчання аб Ім? Ці можа хто-небудзь, думаючы пра мяне, сказаць: гэты чалавек спакойны, шчаслівы, добры, таму што ён сустрэўся з Езусам?” – задацца такімі пытаннямі заклікаў Папа, просячы Маці Божую дапамагчы нам быць радаснымі прапаведнікамі Евангелля.

10 красавіка 2023, 12:11

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >