Францішак выпісаны з бальніцы
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Перад тым, як пакінуць бальніцу, якая з’яўляецца структурай медыцынскага факультэта Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца, Францішак прывітаў рэктара гэтай навучальнай установы Франка Анэлі і яго бліжэйшых супрацоўнікаў, а таксама Генеральнага дырэктара клінікі Марка Элефанці, Генеральнага касцёльнага асістэнта ўніверсітэта, мансеньёра Клаўдыё Джуліядоры, і медыкаў, якія дапамагалі яму ў гэтыя дні.
Пакідаючы тэрыторыю клінікі, Папа выйшаў з аўтамабіля, каб прывітаць людзей, якія чакалі яго на вуліцы. Ён абняў пару бацькоў, якія мінулай ноччу страцілі сваю дачку, памаліўшыся разам з імі, - паінфармаваў афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду.
Затым Францішак адправіўся ў рымскую базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе ў малітве перад абразом Маці Божай Salus Populi Romani даверыў апецы Багародзіцы ўсіх дзяцей, якіх сустрэў учора ў аддзяленні дзіцячай анкалогіі і нейрахірургіі, а таксама ўсіх хворых і тых, хто пакутуе ад страты сваіх блізкіх, - паінфармаваў афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду.
Святы Айцец знаходзіўся ў бальніцы імя Агасціна Джэмэлі з 29 сакавіка 2023 года з прычыны рэспіраторнай інфекцыі.