Францішак: свет мае патрэбу ў Божай міласэрнасці
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Неўзабаве мы будзем святкаваць Нядзелю Божай Mіласэрнасці; яна была ўстаноўлена Янам Паўлам II, як таго пажадаў Пан Езус праз святую Фаўстыну Кавальскую амаль сто гадоў таму. Сёння, калі свет усё больш і больш пакутуе ад войнаў і аддаляецца ад Бога, мы яшчэ больш маем патрэбу ў міласэрнасці Нябеснага Айца. Таму давайце маліцца: “Дзеля Яго балеснай мукі будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету”, - заклікаў Святы Айцец.
Свята Божай Міласэрнасці адзначаецца ў Касцёле ў ІІ Велікодную нядзелю. 22 лютага 1931 года Езус Хрыстус аб’явіўся сястры Фаўстыне Кавальскай у кляштары сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Плоцку, і паведаміў аб сваім жаданні ўстанавіць гэта свята ў Касцёле, што і зрабіў святы Ян Павел ІІ у лістападзе 2000 года.