Чарговыя змены ў Кананічным праве: яны тычацца выдалення манахаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Цяпер законнік, які быў выдалены з інстытута кансэкраванага жыцця, атрымлівае права “рэкурса” на працягу не дзесяці дзён, як гаварылася ў папярэдняй рэдакцыі 700-га канона Кодэкса кананічнага права, а трыццаці дзён, прычым, без неабходнасці патрабаваць адмены або выпраўлення дэкрэта ад яго аўтара.
Пантыфік унёс змены ў 501-ы канон Кодэкса Усходніх Цэркваў: цяпер выдалены чалец манаскага інстытута можа звярнуцца з апеляцыяй на працягу тых жа трыццаці дзён – раней было пятнаццаць.
У тлумачальнай частцы новага motu proprio гаворыцца аб асноўным прынцыпе Кодэкса кананічнага права, які аддае “прывілеяванае месца ў прававым парадку Касцёла” асобе і абароне яе правоў. Гэта “становіцца актуальным перш за ўсё ў кантэксце самых далікатных падзей касцёльнага жыцця, такіх як працэдуры, якія тычацца юрыдычнага статусу асоб”.
Францішак палічыў папярэднія нормы “не дастатковымі для абароны правоў асобы”. Новыя тэрміны для апеляцыі павінны “дазволіць зацікаўленаму боку лепш ацаніць абвінавачанні, скіраваныя супраць яго, і атрымаць магчымасць выкарыстання больш прыдатных сродкаў камунікацыі”.