Вітраж у базіліцы святога Пятра Вітраж у базіліцы святога Пятра 

Францішак: пачынайма кожны дзень з малітвы да Духа Святога

“Прыйдзі, Дух прабачэння, гармоніі сэрцаў, перамяні нас, як Ты можаш, праз Марыю”, - маліўся Папа 28 мая 2023 года ў ватыканскай базіліцы падчас Імшы ва ўрачыстасць Пяцідзясятніцы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гаворачы ў гаміліі аб дзеянні Духа Святога ў створаным свеце, Францішак звярнуў увагу на тое, што менавіта Ён на пачатку і на працягу ўсяго часу робіць так, каб створаная рэчаіснасць пераходзіла ад замяшання да гармоніі, накіроўвае ход гісторыі і абнаўляе аблічча зямлі. Робіцца гэта не шляхам змены рэчаіснасці, а шляхам яе гарманізацыі.

Папа нагадаў аб войнах і канфліктах, якія ўсё яшчэ працягваюцца на планеце. Ён адзначыў, што наша варожасць падаграваецца духам падзелу, д’яблам, імя якога азначае раздзяленне. “Таму Пан у кульмінацыйны момант сваёй Пасхі, у кульмінацыйны момант збаўлення, пасылае ў створаны свет свайго добрага Духа, Духа Святога, Які супрацьстаіць духу раз’яднання, таму што Ён з’яўляецца гармоніяй, Духам адзінства, Які прыносіць мір” - звярнуўся Пантыфік.

Гаворачы пра дзеянне Духа Святога ў Касцёле, ён падкрэсліў, што перад абліччам вялікай разнастайнасці дароў сярод хрысціян Дух Святы гарманізуе іх. Спасылаючыся на шматмоўнасць апосталаў у дзень Пяцідзясятніцы, Папа адзначыў: “Ён не стварае адзіную мову для ўсіх, не сцірае адрозненні, культуры, але ўсё гарманізуе, без гамагенізацыі, без уніфікацыі”. Ён робіць гэта, запрашаючы нас адчуць цуд Божай любові і дароў, якія прысутнічаюць у іншых.

Спасылаючыся на працу Сінода, якая працягваецца ў Каталіцкім Касцёле, Святы Айцец падкрэсліў, што гэта працэс “следавання за Духам – не парламент для зацвярджэння правоў і патрэб у адпаведнасці з мірскім парадкам, не магчымасць ісці туды, куды нас носіць вецер, але паслухмянасць подыху Духа. “Давайце паставім Духа Святога ў пачатку і ў сэрцы сінадальнай працы, давайце створым гармонію ў Касцёле!” – заклікаў Папа.

Францішак звярнуў увагу на тое, што толькі Дух Святы ўносіць гармонію ў сэрца. “Калі мы хочам гармоніі, давайце шукаць Яго, а не мірскіх рэчаў. Заклікайма Духа Святога кожны дзень, пачынайма кожны дзень з малітвы да Яго, станем пакорлівымі Яму! (...) Не будзем марнаваць час на крытыку іншых і гнеў на саміх сябе, але будзем заклікаць Духа!” - прапанаваў Папа.

Пантыфік завяршыў сваю гамілію малітвай: “Духу Святы, Духу Езуса і Айца, невычэрпная крыніца гармоніі, Табе давяраем свет, Табе прысвячаем Касцёл і нашы сэрцы. Прыйдзі, Дух Створцы, гармонія чалавецтва, абнаві аблічча зямлі. Прыйдзі, Дар дароў, гармонія Касцёла, зрабі нас з’яднанымі ў Табе. Прыйдзі, Дух прабачэння, гармоніі сэрцаў, перамяні нас, як Ты можаш, праз Марыю”.
 

28 мая 2023, 12:07