Францішак звярнуўся да Caritas у перыяд арганізацыйных перамен
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак звярнуў увагу каталіцкіх дабрачынцаў на тое, што “без вызнання веры ў Бога Айца, Які з'яўляецца прынцыпам усяго дабра; без досведу сяброўства з Хрыстом, Які паказаў свету аблічча трынітарнай любові; без кіраўніцтва Духа Святога, Які вядзе гісторыю чалавецтва да паўнаты жыцця (Ян 10, 10), не застаецца нічога, акрамя выгляду. Ужо не дабро, а толькі падабенства дабра”.
Пантыфік перасцярог ад страты з поля зроку мэты хрысціянскага служэння, якое палягае на “нясенні радасці Евангелля, еднасці, справядлівасці і міру”. Ён заклікаў “не патураць свецкай логіцы” і імкнуцца не заблудзіцца “ў прагматычнай актыўнасці і партыкулярызмах, якія раздзіраюць цела Касцёла”.
“Caritas Internationalis была задумана, каб выказаць касцёльную камунію, унутрыкасцёльную agape, стаць сродкам і праявай, пасрэдніцай паміж Паўсюдным Касцёлам і мясцовымі Касцёламі, падтрымліваючы прыхільнасць усяго народа Божага ў ажыццяўленні дабрачыннасці”, - заўважыў Папа.
Ён падкрэсліў, што заданне супрацоўнікаў Caritas – “абвяшчаць Евангелле добрымі справамі”. І гаворка тут ідзе “не толькі аб запуску праектаў і стратэгій, якія аказваюцца паспяховымі і імкнуцца да эфектыўнасці, але пра тое, каб думаць пра сябе ў пастаянным і бесперапынным працэсе місійнага навяртання”; пра тое, каб “паказаць, што Евангелле з’яўляецца адказам на самыя глыбокія прагненні чалавечай асобы”.
“Таму не лішнім будзе нагадаць пра цесную сувязь паміж шляхам асабістай святасці і касцёльным місійным навяртаннем: тыя, хто працуюць у Caritas, павінны сведчыць аб гэтай любові перад светам”, - сказаў Святы Айцец.
Каталіцкія дабрачынныя структуры “пакліканы суправаджаць мясцовыя Касцёлы ў іх эфектыўным душпастырстве дабрачыннасці”, - адзначыў Пантыфік. Ён папрасіў сваіх гасцей “паклапаціцца аб падрыхтоўцы кампетэнтных асоб, здольных унесці пасланне Касцёла ў палітычнае і грамадскае жыццё”.
“Задача свядомых і сталых свецкіх як ніколі актуальная, бо іх прысутнасць распаўсюджваецца на ўсе сферы, якія непасрэдна ўплываюць на жыццё бедных. Менавіта яны могуць з творчай свабодай выяўляць мацярынскае сэрца і клопат Касцёла аб сацыяльнай справядлівасці, прымаючы на сябе цяжкую задачу змены несправядлівых сацыяльных структур і спрыяння шчасцю чалавечай асобы”, - лічыць Францішак.
Папа заклікаў дабрачынцаў Caritas у час перамен да адзінства. “Ваша канфедэрацыя складаецца з многіх ідэнтычнасцей: успрыміце разнастайнасць як каштоўнасць, множнасць як рэсурс. Спаборнічайце ў павазе адно да аднаго, дазваляючы канфліктам весці да абмену, росту, а не да падзелу”, - завяршыў свой зварот Святы Айцец.
Восенню 2022 года Папа адправіў у адстаўку кіраўніцтва Caritas Internationalis і аддаў яе ў камісарскае ўпраўленне, абвясціўшы рэформу. У канцы гэтага тыдня ў Рыме будзе абрана новае кіраўніцтва канфедэрацыі, якая аб’ядноўвае 162 нацыянальных каталіцкіх дабрачынных арганізацый ва ўсім свеце.