Базіліка святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота Базіліка святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Новы рэскрыпт Папы аб задачах канцылярыі генеральнага аўдытара

Святы Айцец выдаў рэскрыпт, які тычыцца працы канцылярыі генеральнага аўдытара ў выпадку вакантнага Папскага Пасада, - аб гэтым 24 мая 2023 года паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Падчас аўдыенцыі з кардыналам Дзяржсакратаром Святы Айцец пастанавіў, што палажэнні Статута канцылярыі генеральнага аўдытара ад 16 лютага 2019 года павінны выконвацца, нягледзячы на тое, што гэта не прадугледжана артыкуламі 222-224 Апостальскай канстытуцыі Praedicate Evangelium, прынятай 19 сакавіка 2022 года, - гаворыцца ў рэскрыпце.

Як вызначаецца ў артыкуле 18 § 2 Апостальскай канстытуцыі Praedicate Evangelium, у сувязі з тым, што Статут канцылярыі генеральнага аўдытара не прадугледжвае пасаду сакратара, Святы Айцец пастанавіў, што, у выпадку вакантнага Папскага Пасада, звычайная адміністрацыйная дзейнасць не павінна спыняцца, а функцыя кантролю павінна працягваць ажыццяўляцца канцылярыяй генеральнага аўдытара пад наглядам Камерленга.

Святы Айцец пастанавіў, што другая частка артыкула 7 § I Статута канцылярыі генеральнага аўдытара, у якой гаворыцца аб тым, што генеральны аўдытар аналізуе справаздачы і прадстаўляе іх з дакладам у спецыяльную камісію, якая складаецца з асэсара па агульных справах Дзяржаўнага сакратарыята, сакратара Рады па эканамічных пытаннях і сакратара Сакратарыята па эканамічных пытаннях, цяпер замяняецца ў адпаведных частках артыкулам 224 § 2 Апостальскай канстытуцыі Praedicate Evangelium, якая прадугледжвае, што генеральны аўдытар разглядае справаздачы і прадстаўляе іх з дакладам прэфекту Сакратарыята па эканамічных пытаннях і, пры неабходнасці, таксама каардынатару Рады па эканамічных пытаннях". Тым не менш, застаецца ў сіле палажэнне артыкула 4 § 3 c) Статута канцэлярыі генеральнага аўдытара аб тым, што справаздачы, якія змяшчаюць элементы абгрунтаванасці, перадаюцца ў судовыя органы.

Рэскрыпт уступае ў сілу неадкладна, у дзень яго публікацыі.

24 мая 2023, 15:28