Пантыфік даручыў кардыналу Дзупі міратворчую місію ва Украіне
Марыя Валодзіна - Vatican News
"Я магу пацвердзіць, што Папа Францішак даручыў кардыналу Матэа Дзупі, арцыбіскупу Балоньі і старшыні Канферэнцыі Біскупаў Італіі, узначаліць, ва ўзгадненні з Дзяржаўным сакратарыятам, місію, якая б магла спрыяць аслабленню напружанасці ў канфлікце ва Украіне, у надзеі, якая ніколі не пакідала Святога Айца, што гэта зможа ініцыяваць мірныя шляхі. Тэрміны гэтай місіі і спосабы яе рэалізацыі ў цяперашні час вывучаюцца", - з такім паведамленнем выступіў увечары 20 мая 2023 года кіраўнік Залы друку Святога Пасада Матэа Бруні.
Вяртаючыся з апостальскага падарожжа ў Венгрыю 30 красавіка 2023 года, Францішак зазначыў, што гатовы зрабіць усё магчымае дзеля міру ва Украіне. Падчас размовы з журналістамі на борце самалёту ён казаў аб тым, што Ватыкан праводзіць міратворчую місію, але не прывёў ніякіх дэталяў.