Пошук

Францішак: Езус узнёс чалавецтва на нябёсы, да Бога

З Унебаўшэсцем адбылося нешта новае і прыгожае: Езус узнёс чалавецтва на нябёсы, гэта значыць, да Бога, - заўважыў Папа перад малітвай Уладарка Неба, якая прайшла 21 мая 2023 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Францішак нагадаў пра ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, якая 21 мая адзначаецца ў Італіі і многіх іншых краінах свету. “Мы добра ведаем гэтую ўрачыстасць, але яна можа выклікаць некалькі пытанняў, прынамсі, два. Першае пытанне: навошта святкаваць тое, што Езуса ўжо няма на свеце? Здаецца, Яго сыход з'яўляецца сумным момантам, а не тым, чаму можна радавацца! Другое пытанне: што робіць Езус на нябёсах цяпер?” Чаму мы святкуем і што робіць Езус – вось два пытанні, якія дапамагаюць нам зразумець гэтую ўрачыстасць, - падагульніў Пантыфік.

Адказваючы на першае пытанне, Папа адзначыў, што “з Унебаўшэсцем адбылося нешта новае і прыгожае: Езус узнёс чалавецтва на нябёсы, гэта значыць, да Бога”. Чалавецтва ўзышло да Бога і застанецца там назаўжды, - адзначыў Святы Айцец, дадаючы, што з моманту Унебаўшэсця змяніўся і сам Бог, з тых часоў Ён ужо не толькі Дух, але нясе ў сабе нашу плоць, нашу чалавечнасць! “Таму месца, да якога мы належым, вызначана; наш лёс там”, - нагадаў Францішак.

На другое пытанне Пантыфік адказаў так: “Што робіць Езус на нябёсах? Ён заступаецца за нас перад Айцом, пастаянна паказвае Яму нашу чалавечнасць, свае раны, атрыманыя за нас. Гэта значыць, Ён не пакінуў нас адных. Перад Унебаўшэсцем Ён сказаў нам: "Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку” (Мц 28, 20), - нагадаў Францішак евангельскія радкі, дадаючы, што Езус заўсёды з намі, ён заступаецца за нас перад Сваім і нашым Айцом.

“Заступніцтва мае вырашальнае значэнне”, - адзначыў Францішак, просячы Уладарку Неба “дапамагчы нам заступацца сілай малітвы”.

21 мая 2023, 12:39

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >