Францішак павіншаваў маці і даверыў Панне Марыі народ Украіны
Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Уладарка Неба, якая прайшла 14 мая 2023 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Францішак скіраваў думкі да ўсіх маці і ўкраінскага народа.
Святы Айцец заўважыў, што ў другую нядзелю мая ў многіх краінах свету адзначаецца Дзень маці. “Давайце будзем з удзячнасцю і ласкавасцю памятаць пра ўсіх маці – тых, якія яшчэ ёсць сярод нас, а таксама тых, якія адышлі да неба. Даверым іх Марыі, Маці Езуса”, - заахвоціў вернікаў Пантыфік.
“Звернемся да Яе, просячы аб суцяшэнні ў цярпеннях для змучанай Украіны і ўсіх народаў, параненых войнамі і насіллем”, - сказаў ён на завяршэнне свайго нядзельнага звароту.
Дзень маці адзначаецца ў другую нядзелю мая, у тым ліку ва Украіне, Італіі, Эстоніі, Латвіі, ЗША, Даніі, Фінляндыі, Германіі, Турцыі, Аўстраліі, Японіі, Бельгіі, Бразіліі, на Мальце і Кіпры. У Беларусі гэта свята адзначаецца 14 кастрычніка.
14 мая 2023, 13:00