Арцыбіскуп Тэвенен з Папам Францішкам Арцыбіскуп Тэвенен з Папам Францішкам  (Vatican Media)

Пантыфік прызначыў першага нунцыя ў Султанаце Аман

Францішак прызначыў першага ў гісторыі апостальскага нунцыя ў Султанаце Аман. Як паведаміла 22 мая 2023 года Зала Друку, ён даручыў гэту задачу арцыбіскупу Нікаля Анры Мары Дэні Тэвенену. Іерарх французскага паходжання быў нунцыем у Егіпце з лістапада 2019 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас пантыфікату Францішка былі значна актывізаваны ініцыятывы ў арабскім свеце. У лютым 2022 года Святы Пасад і Султанат абвясцілі аб устанаўленні дыпламатычных адносін і адкрыцці пасольстваў у Маскаце і Ватыкане.

У Амане іслам з'яўляецца дзяржаўнай рэлігіяй, а шарыят – крыніцай дзяржаўнага заканадаўства. У краіне прызнаецца свабода веравызнання і забараняецца дыскрымінацыя па рэлігійнай прыкмеце.

Каталіцкі Касцёл у Амане ўваходзіць у Апостальскі вікарыят Паўднёвай Аравіі з цэнтрам у Абу-Дабі, які ўзначальвае біскуп Паола Марцінэлі. У краіне чатыры каталіцкія парафіі, дзе працуюць 12 святароў.

Аман стаў 184-м суб’ектам міжнароднага права, з якім Святы Пасад устанавіў дыпламатычныя адносіны.
 

23 мая 2023, 11:29