Пантыфік: СДМ дапамагаюць моладзі марыць і глядзець наперад
Марыя Валодзіна - Radio Vaticana
“У маім сэрцы і перад вачыма ўсё яшчэ стаіць велізарны натоўп моладзі, якая дзесяць гадоў таму ў ліпені вітала мяне ў Рыа-дэ-Жанэйра. Паездка ў папамабілі, ад ваеннай крэпасці, дзе прызямліўся верталёт, да месца сустрэч і ўрачыстасцяў у Капакабане, назаўжды застанецца ў маёй памяці: непераадольны энтузіязм маладых людзей, якія кідалі мне сцяжкі, капелюшы, футболкі, прапаноўвалі глыток матэ, абдымалі новага біскупа Рыма, які прыбыў, каб выканаць абавязацельства, узятае яго папярэднікам. Незабыўныя ўражанні”, - гаворыцца ў прадмове.
Францішак узгадаў, што першае замежнае апостальскае падарожжа яго пантыфікату, таксама як і пантыфікату Бэнэдыкта XVI, адбылося менавіта з нагоды Сусветных дзён моладзі: у Рыа-дэ-Жанэйра, у яго выпадку, і ў Кёльн, у выпадку Ратцынгера. Абодва Папы, так бы мовіць, рушылі ўслед за святым Янам Паўлам II, ініцыятарам падзеі, якая “была і застаецца моцным досведам” для шматлікіх падлеткаў і моладзі.
На думку Папы, змена эпохі, якую мы больш-менш свядома перажываем, уяўляе сабой праблему, асабліва для маладога пакалення. Дзеці нашага часу, так званыя "лічбавыя абарыгены", кожны дзень сутыкаюцца з рызыкай самаізаляцыі, рызыкуюць пражыць у віртуальным асяроддзі большую частку свайго жыцця і ў канчатковым выніку становяцца ахвярамі агрэсіўнага рынку, які выклікае ілжывыя патрэбы. Пандэмія яшчэ больш узмацніла гэтыя рызыкі. Таму падарожжа і ўдзел у СДМ вельмі каштоўныя моманты ў жыцці кожнага маладога чалавека, - гаворыцца ў прадмове Святога Айца.
Папа нагадаў пра свой шматразовы заклік да моладзі: не заставацца назіральнікамі, якія не ўмешваюцца і не пэцкаюць рукі, не хавацца за экранамі смартфонаў або камп'ютараў, не быць "канапнай моладдзю". Маладосць - гэта мара, гэта адкрытасць да рэчаіснасці, адкрыццё таго, што мае сапраўдную цэннасць у жыцці, барацьба за гэтыя цэннасці, адкрыццё інтэнсіўных і сапраўдных адносін, прыхільнасць іншым, - напісаў Пантыфік.
Пасля жудаснага вопыту пандэміі свет пагрузіўся ў вір крывавай вайны і гонку пераўзбраення, якая здаецца нястрымнай і рызыкуе прывесці нас да самазнішчэння. Моладзь, з яе энергіяй і энтузіязмам, заклікана клапаціцца пра тое, што адбываецца ў свеце, пра пакуты людзей, пра лёс аднагодкаў, якія нарадзіліся і выраслі ў лагерах бежанцаў, пра жыццё маладых людзей, якія ратуюцца ад войнаў і пераследаў ці паміраюць, паглынутыя безданню Міжземнага мора. Моладзь паклікана клапаціцца пра лёс мільёнаў людзей, шматлікіх дзяцей, якія не маюць вады, ежы, медыцынскай дапамогі. Пра тых, хто пакутуе ў цішыні гарадоў, пра лёс планеты, на якой мы жывем, і якую мы закліканы ахоўваць, каб перадаць яе тым, хто прыйдзе пасля нас. Пра лічбавую сераду, у якой мы жывем, і пра тое, што перад намі стаіць задача зрабіць яе больш чалавечнай, - гаворыцца ў прамове Францішка.
Па словах Папы, Сусветныя дні моладзі сталі проціяддзем ад канапнай абыякавасці, незацікаўленасці. Гэта падзея кінула выклік пакаленням маладых жанчын і мужчын, яна абуджае, пашырае гарызонт, узмацняе памкненні сэрца, дапамагае марыць, глядзець наперад. Сёння нам вельмі патрэбна энергічная моладзь, якая імкнецца адказаць на мару Бога і цікавіцца іншымі, бедным, тымі, хто пакутуе. Гэтыя разважанні, - падзяліўся Папа, - прыходзілі яму ў галаву, калі ён гартаў старонкі кнігі Аўры Мігель, якая асабіста ўдзельнічала ў СДМ як журналіст, як назіральнік і як вернік. У сваёй кнізе аўтар вяртае нам перажыванні сваёй асабістай сустрэчы з рэальнасцю, з сітуацыямі, з людзьмі, свайго здзіўлення, свайго захаплення. “Толькі той, хто дазволіў сабе захапіцца і крануцца, здольны захапіць і крануць тых, хто слухае і чытае”, - лічыць Францішак.
Папа пажадаў чытачам кнігі адкрыць для сябе прыгажосць і багацце досведу Сусветных дзён моладзі, у тым ліку і тых, якія будуць праходзіць у 2023 годзе ў Лісабоне.