Аўдыенцыя для членаў Манфорцкага таварыства Марыі Аўдыенцыя для членаў Манфорцкага таварыства Марыі  (Vatican Media)

Святы Айцец: мужна шукаць шляхі прабачэння, дыялогу і міру

У нашым свеце існуе вялікая патрэба ў адкрытасці, прыняцці, ласкавасці і любові, - адзначыў Святы Айцец падчас сустрэчы з ўдзельнікамі генеральнага капітула Манфорцкага таварыства Марыі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

20 мая 2023 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане членаў манаскай супольнасці, якую заснаваў на пачатку XVIII стагоддзя Людвік Марыя Грыньён дэ Манфор – святы, які праз марыйную пабожнасць мужна прапаведваў і прасоўваў любоў да сапраўднац Мудрасці ў эпоху рацыяналізму, сустракаючыся з неразуменнем, як у Касцёле, так і па-за ім.

“Таксама і сёння хапае пастырскіх выклікаў: напрыклад індывідуалізм, які замыкае кожнага ў сваім маленькім свеце; рэлятывізм і геданізм, якія робяць задавальненне і выгаду мерай кожнага рашэння; спажывальніцкі эгаізм, які робіць сухімі сэрцы багатых і старае несправядлівую няроўнасць на шкоду бедным”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец заклікаў місіянераў па прыкладзе Панны Марыі прымаць адзін да аднаго, а таксама да людзей, якіх Бог давярае ім. “Наш свет мае вялікую патрэбу ў прыняцці”, - сказаў ён, падкрэсліваючы важнасць блізкасці да іншых людзей таксама ў новых сітуацыях, якія патрабуюць неадкладнага адказу.

Пантыфік заахвоціў сваіх гасцей наследаваць ласкавасць Марыі, якая прымае ўсіх як уласных дзяцей. Ён падкрэсліў, што ласкавасць сведчыць пра моцнае сэрца чалавека. “Не забывайце, што ласкавасць – гэта адна з рысаў Бога. Бог – блізкі, ласкавы і спагадлівы”, - падкрэсліў Святы Айцец, заклікаючы місіянераў таксама быць такімі.

На аўдыенцыі прысутнічалі бацькі і сваякі айца Аліўе Мэра, манфартарыяніна, забітага у Францыі ў 2021 годзе псіхічна хворым чалавекам, пра якога клапаціліся місіянеры. Папа згадаў пра велікадушнасць і адвагу законніка, якія каштавалі яму жыцця, але таксама заклікаў наследаваць яго прыклад любові і прабачэння. “Нам вельмі патрэбна навучыцца любіць так, узрастаць у такой любові, быць блізкімі, спагадлівымі і ласкавымі”, - сказаў ён.

“Па гэтай прычыне ў мінулым годзе я пажадаў прысвяціць Беззаганнаму Сэрцу Марыі Касцёл і ўвесь свет, асабліва Украіну і Расію. Вас, якія з’яўляецеся Таварыствам Марыі, я прашу абнавіць гэты чын даверу і гэту просьбу. Няхай Нябесная Маці дапаможа ўсім нам з адвагай і творчасцю шукаць шляхі прабачэння, дыялогу, прыняцця і міру дзеля ўсяго чалавецтва”, - заахвоціў законнікаў Святы Айцец.
 

20 мая 2023, 11:58