Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: добрыя сямейныя адносіны – багацце грамадства і Касцёла

“Дабро сям’і мае ключавое значэнне для будучыні свету і Касцёла”, - нагадаў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што ў сям’і спаўняецца большая частка мар Бога аб чалавечай супольнасці.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

30 мая 2023 года Францішак скіраваў пасланне з нагоды старту ініцыятывы Family Global Compact, мэтай якой з’яўляецца спрыянне дыялогу паміж службамі сямейнага душпастырства і цэнтрамі вывучэння і даследавання пытанняў, звязаных з інстытутам сям’і, якія існуюць пры розных каталіцкіх універсітэтах свету. Гаворка ідзе пра супольны праект дзвюх ватыканскіх структур: Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця і Папскай акадэміі сацыяльных навук.

Святы Айцец падкрэсліў, што разам каталіцкія ўніверсітэты і душпастырскія службы змогуць лепш служыць сям’і і дапамагаць новым пакаленням належна ацаніць інстытут сужэнства, сямейнае жыццё з яго рэсурсамі і цяжкасцямі, адкрыць для сябе прыгажосць нараджэння і абароны чалавечага жыцця.

Францішак заўважыў, што сучасныя даследаванні выяўляюць крызіс сямейных адносін, умацаваны як часовымі цяжкасцямі так і структурнымі перашкодамі, што ўскладняе спакойнае стварэнне сям’і пры адсутнасці належнай падтрымкі з боку грамадства. Многія маладыя людзі адмаўляюцца ад сужэнства на карысць больш нестабільных і нефармальных форм адносін, - зазначыў ён.

“Даследаванні, аднак, праліваюць святло на тое, што сям’я працягвае заставацца асноўнай крыніцай сацыяльнага жыцця, і паказваюць існаванне добрых практык, якія заслугоўваюць абмену і распаўсюджвання на глабальным узроўні. У гэтым сэнсе самі сем’і могуць і павінны быць сведкамі і дзеючымі асобамі працэсу”, - дадаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што ініцыятыва Family Global Compact павінна спрыяць дыялогу і большаму супрацоўніцтву паміж універсітэцкімі даследчымі цэнтрамі, якія займаюцца пытаннямі інстытута сям’і; прасоўваць узаемадзеянне паміж хрысціянскімі супольнасцямі і каталіцкімі ўніверсітэтамі; падтрымліваць культуру сям’і і жыцця ў грамадстве, даючы карысныя прапановы для дзяржаўнай палітыкі; узбагачаць служэнне сям’і з духоўнага, пастырскага, культурнага, прававога, палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага пунктаў гледжання.

“У сям’і здзяйсняецца большасць мар Бога аб чалавечай супольнасці. Таму мы не можам змірыцца з яе заняпадам у імя няўпэўненасці, індывідуалізму і спажывецтва, якія прадугледжваюць будучыню самотных людзей, што думаюць толькі пра сябе. Мы не можам быць абыякавымі да будучыні сям’і, супольнасці жыцця і любові, незаменнага і непарыўнага саюза паміж мужчынам і жанчынай, месца сустрэчы пакаленняў, надзеі грамадства”, - напісаў Папа.

Францішак заклікаў памятаць, што сям’я мае станоўчы ўплыў на ўсіх, паколькі стварае агульнае дабро, а “добрыя сямейныя адносіны з’яўляюцца незаменным багаццем не толькі для сужэнцаў і дзяцей, але для ўсёй касцёльнай і грамадзянскай супольнасці”.
 

30 мая 2023, 11:58