Папа: не прызвычайвацца да канфліктаў і гвалту
Марыя Валодзіна – Vatican News
“Дарагія браты і сёстры! Сумна, але праз месяц пасля пачатку насілля ў Судане сітуацыя застаецца сур'ёзнай. Падтрымліваючы ўжо дасягнутыя частковыя пагадненні, я зноў заклікаю скласці зброю і прашу міжнародную супольнасць прыкласці ўсе намаганні для дасягнення перавагі дыялогу і палягчэння пакут насельніцтва. Калі ласка, не прызвычайцеся да канфліктаў і гвалту! Не прывыкайце да вайны! Давайце і далей заставацца блізкімі да пакутнага ўкраінскага народа”, - сказаў Святы Айцец.
Францішак павіншаваў журналістаў з Сусветным днём масавай камунікацыі, падзякаваў ім за працу, пажадаўшы, каб яны “заўсёды служылі праўдзе і агульнаму дабру", а таксама гаварылі ад сэрца, застаючыся шчырымі ў любові.
Папа таксама нагадаў пра тыдзень Laudato si', які распачаўся 21 мая, запрашаючы ўсіх аб'яднаць навыкі і творчыя здольнасці, каб "супрацоўнічаць у клопаце аб нашым агульным доме". Ён узгадаў нядаўнюю паводку, якая абрынулася на італьянскі рэгіён Эмілія-Раманья, запэўніўшы яго насельніцтва ў сваёй блізкасці.