Папа: з крызісаў можна выйсці толькі разам і толькі лепшымі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Тэма канферэнцыі - Харчовыя і гуманітарныя крызісы: навука і стратэгіі па прадухіленні і змякчэнні наступстваў - як ніколі актуальная не толькі для дэбатаў у акадэмічных колах. Яна служыць зваротам да дальнабачных уладаў, каб палегчылі пакуты “многіх нашых братоў і сясцёр, якія не маюць дастатковай колькасці прадуктаў харчавання”, - адзначыў у сваёй прамове Францішак.
Занадта часта стыхійныя бедствы, узброеныя канфлікты, такія як вайна ва Украіне, палітычная ці эканамічная карупцыя, эксплуатацыя Зямлі - нашага агульнага дома, парушаюць вытворчасць прадуктаў харчавання, цэласнасць сельскагаспадарчых сістэм і харчовае забеспячэнне насельніцтва, - заўважыў Святы Айцец, дадаючы, што крызісная сітуацыя пагаршаецца наступствамі пандэміі Covid-19 і зніжэннем братэрскай салідарнасці. "Гэта факт, - сказаў Папа. - Войны і бедствы прыводзяць да заняпаду братэрскай салідарнасці”, таксама як і “эгаістычныя прэтэнзіі, уласцівыя некаторым цяперашнім эканамічным мадэлям”.
У сувязі з гэтым, неабходна ўсвядоміць, што ўсё ў свеце цесна ўзаемазвязана, а таксама зразумець, што крызіс можа стаць спрыяльнай магчымасцю для таго, каб “прызнаць мінулыя памылкі і зрабіць з іх высновы”, - лічыць Францішак.
Папа выказаў спадзяванне на тое, што ўдзельнікі канферэнцыі зробяць унёсак у пошук выхадаў з крызісаў не толькі з дапамогай тэхнічных рашэнняў, але і спрыяючы “ўсеагульнай салідарнасці, заснаванай на братэрстве, любові і ўзаемаразуменні”. Касцёл шчыра падтрымлівае і заахвочвае намаганні ўсіх тых, хто працуе ў сферы харчавання, а таксама садзейнічае інтэгральнаму развіццю чалавека, справядлівасці паміж народамі і міжнароднай салідарнасці на карысць усіх.
На думку Пантыфіка, крызісы адрозніваюцца ад замкнёных у сабе канфліктаў, з якіх цяжка знайсці канструктыўны выхад. З крызісу можна выйсці, але толькі пры выкананні дзвюх умоў: не ў адзіночку, а толькі ўсім разам, і толькі для таго, каб стаць лепшымі, ісці наперад, да прагрэсу.
Напрыканцы прамовы Францішак падзякаваў гасцям за іх працу па пошуку рашэнняў харчовых і іншых гуманітарных крызісаў і пажадаў ім выйсці з іх разам і выйсці лепшымі.