Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Святы Айцец: сям’я – лек ад дэмаграфічнай зімы

У Міжнародны дзень сям’і, заснаваны ААН і прысвечаны ў гэтым годзе “дэмаграфічным тэндэнцыям і сем’ям”, Францішак у твіце ад 15 мая 2023 года звярнуў увагу на гэту актуальную для свету праблематыку.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец папрасіў, каб “усе краіны падтрымлівалі сацыяльную, эканамічную і культурную палітыку, спрыяльную для сям’і, і адкрытасць да жыцця”. Ён адзначыў, што сям’я з’яўляецца галоўным лекам ад духоўнай і матэрыяльнай беднасці, а таксама ад праблемы дэмаграфічнай зімы.

Міжнародны дзень сям'і быў заснаваны ААН у 1989 годзе і ўпершыню адзначаўся ў 1993 годзе, напярэдадні Міжнароднага года сям'і ў 1994 годзе.

Некалькі дзён таму, у сваім звароце да Форума сямейных асацыяцый, Францішак нагадаў, што толькі ў Італіі ў 2022 годзе нарадзілася ўсяго 393 тысяч немаўлят. Гэта самы нізкі паказчык пасля аб'яднання краіны, упершыню ніжэйшы за 400 тысяч нараджэнняў у год. У большасці еўрапейскіх краін таксама назіраецца прагрэсіўнае зніжэнне нараджальнасці.

Папа выказаў занепакоенасць дэмаграфічным спадам у Еўропе, бо нараджэнне дзяцей з’яўляецца галоўным паказчыкам надзеі народаў. На яго думку, сённяшняя культура ўсё больш і больш становіцца ворагам сям’і, і гэтаму трэба супрацьстаяць.

На думку Пантыфіка, патрэбна доўгатэрміновая і творчая прасямейная палітыка. Неабходна падрыхтаваць урадлівую глебу, каб новая вясна заквітнела і пакінула ззаду дэмаграфічную зіму. Для гэтага, акрамя змены дэмаграфічнай палітыкі, патрэбная змена менталітэту. Сям'я з'яўляецца не праблемай грамадства і дзяржавы, але істотнай часткай яе вырашэння.

Францішак таксама звярнуў увагу на тое, што сёння ў асаблівай групе рызыкі знаходзяцца жанчыны, якія вымушаны выбіраць паміж кар’ерай і мацярынствам. Яны нясуць на сабе празмерны цяжар клопату пра сям’ю, асабліва калі трэба дадаткова займацца пажылымі ці несамастойнымі асобамі. У такой сітуацыі жанчыны застаюцца рабынямі гэтага ціску выбару, што перашкаджае ім рэалізаваць сябе як маці.
 

16 мая 2023, 11:20