Удзельнікі саміту Вялікай сямёркі ў Хірасіме Удзельнікі саміту Вялікай сямёркі ў Хірасіме  (AFP or licensors)

Папа да Вялікай сямёркі: братэрства – шлях у будучыню

Папа звярнуўся да ўдзельнікаў саміту Вялікай сямёркі, які праходзіць з 19 па 21 мая 2023 года ў японскім горадзе Хірасіма. Ён скіраваў ліст на імя мясцовага біскупа Алексіса Міцуру Сірахамы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Выбар Хірасімы ў якасці месца гэтай сустрэчы мае асаблівае значэнне ў святле пастаяннай пагрозы звароту да ядзернай зброі”, - напісаў Папа, нагадваючы пра неверагоднае ўражанне, якое пакінуў на яго візіт у Мемарыял міру ў гэтым горадзе. Францішак адведаў яго ў рамках Апостальскага падарожжа ў Японію ў 2019 годзе.

“Стоячы там у маўклівай малітве і думаючы пра бязвінных ахвяр ядзернага ўдару, які адбыўся дзесяцігоддзі раней, я пажадаў нагадаць пра цвёрдую перакананасць Святога Пасаду ў тым, што “выкарыстанне атамнай энергіі ў ваенных мэтах сёння як ніколі з’яўляецца злачынствам не толькі супраць чалавека і яго годнасці, але супраць любой магчымасці будучыні ў нашым агульным доме”, - зазначыў Пантыфік.

Францішак звярнуў увагу на паўсюдную занепакоенасць людзей будучыняй чалавецтва, асабліва пасля досведу глабальнай пандэміі і ўзброеных канфліктаў у розных рэгіёнах, сярод якіх разбуральная вайна, што вядзецца на ўкраінскай зямлі. “Падзеі апошніх гадоў зрабілі відавочным, што толькі разам, у братэрстве і салідарнасці, наша чалавечая сям’я можа паспрабаваць залячыць раны і будаваць справядлівы і мірны свет”, - дадаў ён.

Святы Айцец падкрэсліў, што мір і бяспека на планеце немагчымы без цэласнага падыходу, здольнага ахапіць такія пытанні як доступ да ежы і вады, павага да навакольнага асяроддзя, медыцынская дапамога, крыніцы энергіі і роўнае размеркаванне дабротаў.

“Канцэпцыя інтэгральнай бяспекі можа служыць для ўмацавання шматбаковага ўзаемадзеяння і міжнароднага супрацоўніцтва паміж урадавымі і няўрадавымі суб’ектамі на аснове глыбокай узаемасувязі паміж гэтымі пытаннямі, што робіць неабходным разам прыняць падыход адказнага шматбаковага супрацоўніцтва”, - сцвердзіў Францішак.

Пантыфік заўважыў, што ядзерная зброя не з’яўляецца эфектыўным сродкам, каб адказаць на сучасныя пагрозы для міру і гарантаваць нацыянальную і міжнародную бяспеку. “Дастаткова ўлічваць катастрафічны гуманітарны і экалагічны ўплыў, які будзе мець прымяненне ядзернай зброі, а таксама марнаванне і няправільнае выкарыстанне чалавечых і эканамічных рэсурсаў, задзейнічаных у яе распрацоўцы”, - папярэдзіў ён.

“Мы таксама не можам недаацэньваць наступствы пастаяннай атмасферы страху і падазронасці, спароджанай іх валоданнем, што ставіць пад пагрозу рост атмасферы ўзаемнага даверу і дыялогу. У гэтым кантэксце ядзерная зброя і іншая зброя масавага знішчэння памнажаюць рызыкі і ствараюць толькі ілюзію міру”, - сцвердзіў Наступнік святога Пятра.

Папа запэўніў у малітве ў інтэнцыі саміту Вялікай сямёркі ў Хірасіме, каб прадэманстраваў дальнабачнасць у закладцы асноў для трывалага міру і стабільнай і доўгатэрміновай бяспекі.
 

20 мая 2023, 12:19