Папа: святы Францішак Ксаверый – прыклад няўрымслівага місіянера

Святы Францішак Ксаверый нагадвае, што місіянер павінен быць блізкім з Богам у малітве і служыць бедным, - заўважыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якую правёў 17 мая 2023 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Працягваючы катэхетычны цыкл, прысвечаны евангелізацыйнай руплівасці і апостальскаму запалу, Пантыфік заўважыў, што ў нашы дні ёсць шмат місіянераў, якія адпраўляюцца ў далёкія краіны, каб абвяшчаць Евангелле, а адным з іх апекуноў з’яўляецца Францішак Ксаверый, “вялікі місіянер сучаснай эпохі” і “апякун місій”.

Будучы святы нарадзіўся ў збяднелай арыстакратычнай сям’і ў Навары, на поўначы Іспаніі, у 1506 годзе. Ён адправіўся вучыцца ў Парыж, дзе пазнаёміўся Ігнацыем Лаёлам і перажыў досвед духоўнага навяртання, у выніку якога вырашыў пакінуць мары пра добрую кар’еру і стаць місіянерам, адправіўшыся насустрач новаму і незнаёмаму свету, адкрытаму на Усходзе.

Францішак Ксаверый стаў “першым з вялікага мноства руплівых місіянераў, гатовых адказаць на вялізныя цяжкасці і небяспекі, дасягнуць гэтых земляў і сустрэць незнаёмыя народы і культуры”. Пантыфік падкрэсліў, што ім кіравала моцнае жаданне знаёміць людзей з Езуса Хрыстом і Яго Евангеллем. Святы часта здзяйсняў доўгія і небяспечныя марскія падарожжы, вандруючы па рэгіёне, і правёў на караблях больш за тры з паловай гады з адзінаццаці гадоў сваёй місіянерскай дзейнасці.

Прыбыўшы ў Гоа і заснаваўшы там сваю рэзідэнцыю, місіянер не сядзеў на месцы: ён евангелізаваў бедных рыбакоў, катэхізаваў і вучыў малітвам дзяцей, хрысціў і клапаціўся пра хворых. Потым, падчас начной малітвы на магіле апостала Барталамея, ён адчуў, што павінен адправіцца далей за Індыю: пакінуўшы ў добрыя рукі працу, якую распачаў, ён скіраваўся на Малукскія астравы, самую далёкую частку інданезійскага архіпелагу, дзе на працягу двух гадоў ствараў розных хрысціянскія супольнасці, пераклаў на мясцовую мову Катэхізіс і нават навучыў людзей спяваць яго.

У 1548 годзе місіянер пісаў: “Небяспекі і пакуты, прынятыя добраахвотна і выключна з любові да Бога і служэння Богу, нашаму Пану, з’яўляюцца скарбамі, багатымі на вялікія духоўныя суцяшэнні. Тут, за некалькі гадоў, можна было згубіць вочы ад столькіх слёз радасці!”. “Ён плакаў, бачачы Божую справу”, - падкрэсліў Папа.

Маючы “апостальскую няўрымслівасць” Францішак Ксаверый адправіўся ў Японію, “дзе не было яшчэ ніводнага еўрапейскага місіянера”. У Краіне ўзыходзячага сонца ён правёў тры гады, якія былі цяжкімі для яго ў сувязі з кліматам, супрацівам і няведаннем мовы. “Але таксама і там, пасеяныя зерні, прынясуць плён”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак Ксаверый марыў заняцца місіянерскай дзейнасцю ў Кітаі, самай важнай краіне рэгіёна, але гэтай яго задуме не было накаванага споўніцца: ён “памёр на маленькім востраве Санц’ян, дарэмна чакаючы магчымасці высадзіцца на мацерыку каля Кантона”. Гэта было 3 снежня 1552 года, калі місіянеру было 46 гадоў, - нагадаў Папа, падкрэсліваючы, што няглядзячы на малады ўзрост “яго валасы ўжо былі сівыя, яго сілы былі вычарпаны, да канца аддадзены служэнню Евангеллю”.

Пантыфік заўважыў, што інтэнсіўная дзейнасць святога Францішка Ксаверыя была “заўсёды злучана з малітвай, была еднасцю з Богам, містычнай і кантэмпляцыйнай”. “Ён ніколі не пакідаў малітву, бо ведаў што ў ёй знаходзіцца сіла”, а таксама заўсёды знаходзіўся побач з хворымі, беднымі і дзецьмі. “Любоў Хрыста была той сілай, якая дазваляла яму дасягнуць самых далёкіх межаў, пераадольваючы цяжкасці і пастаянныя небяспекі, няўдачы, расчараванні і адчай, даючы суцяшэнне і радасць у наследаванні Хрыста і служэнні Яму да канца”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

17 мая 2023, 10:50

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >