Серджа Альфіеры з Францішкам Серджа Альфіеры з Францішкам  (ANSA)

Прафесар Альфіеры: здароўе Францішка не выклікае хвалявання

Францішак пасля шпіталізацыі з 16 чэрвеня 2023 года знаходзіцца ў Ватыкане, але па просьбе медыкаў усё яшчэ абмяжоўвае сваю публічную дзейнасць.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Няма прычын для хвалявання, але калі Папа хоча цалкам вылечыцца і здзейсніць запланаваныя паездкі ў Лісабон і Манголію, ён павінен працягваць рэабілітацыю дома, пазбягаючы рухаў, якія напружваюць мышцы жывата, - патлумачыў Серджа Альфіеры, які двойчы аперыраваў Святога Айца.

Італьянскі хірург прызнаўся, што ўрачы не могуць забараніць Пантыфіку вярнуцца да актыўнай дзейнасці, ён пачаў працаваць ужо ў шпіталі. Аднак яму патлумачылі, што трэба быць асцярожным, пакуль пасляаперацыйныя раны цалкам не зажывуць.

Падчас папярэдняй аперацыі Францішак быў больш непаслухмяным, увесь час пытаўся, калі яго выпішуць. Цяпер ён ведае, што дзякуючы добраму выздараўленню зможа ажыццявіць задуманае, - прызнаўся хірург.

Адказваючы на пытанне, ці турбуе яго стан здароўя Папы, прафесар Альфіеры адказаў: “Лячэнне прайшло паспяхова. Ці хвалююся я за здароўе Папы? Не! У тым сэнсе, што Святы Айцец, у параўнанні са сваімі 86-гадовымі аднагодкамі, мае выдатнае сэрца, яго аналізу крыві маглі б пазайздросціць 50-гадовыя, бо ўсе паказчыкі ў норме: цукар, халестэрын, лейкацыты... У яго выдатныя паказчыкі гемаглабіну. Важныя органы, (...) – здаровыя”.

Лёгкія Папы таксама працуюць добра. “Мы чуем, што часам у яго бывае шыпячае дыханне, але гэта следства аперацыі, зробленай у маладосці, калі яму выдалілі частку лёгкага. (...) Гэта не прычына для турботы”, - патлумачыў спецыяліст.

Альфіеры дадаў, што калі Папа будзе выконваць рэжым рэабілітацыі пасля шпіталізацыі, не ўзнікне ніякіх перашкод для апостальскіх падарожжаў, пачынаючы ад удзелу ў Сусветных днях моладзі ў Лісабоне. Калі раны загояцца, ён будзе ў лепшай форме, чым перад аперацыяй, - перакананы хірург.
 

18 чэрвеня 2023, 11:56