Пошук

Анёл Панскі: блізкасць Бога – гэта галоўнае ў прапаведаванні

18 чэрвеня 2023 года, у сваім разважанні перад малітвай Анёл Панскі Папа заахвоціў вернікаў да бескарыслівага сведчання, служэння і абвяшчэння блізкасці Бога.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец спаслаўся на евангельскі ўрывак, прызначаны на ХI Звычайную нядзелю года А (Мц 9, 36-10, 8), у якім гаворка ідзе аб пасланні апосталаў з місіяй. Езус просіць іх абвяшчаць аб тым, што “наблізілася Валадарства Нябеснае” (Мц 9, 38), што яно знаходзіцца сярод нас, і гэта фундаментальная рэчаіснасць жыцця.

“Калі Бог нябесны побач, мы не адны на зямлі і нават у цяжкасцях не губляем даверу. Гэта першае, што трэба сказаць людзям: Бог не далёка, Ён Айцец, ведае цябе і любіць; Ён хоча ўзяць цябе за руку, нават калі ты ідзеш па крутых і няроўных сцежках, нават калі ты падаеш і табе цяжка падняцца і зноў рушыць у дарогу. Больш за тое, часта ў хвіліны найбольшай слабасці можна мацней адчуць Яго прысутнасць. Ён ведае шлях, Ён з табой, Ён твой Айцец!”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заахвоціў вернікаў паглядзець на сябе праз вобраз дзяцей, якіх па жыцці вядзе Айцец. Ён адзначыў, што блізкасць Бога стаіць на першым месцы ў прапаведаванні. “Свет, вялікі і таямнічы, становіцца знаёмым і бяспечным, таму што дзіцё ведае, што яно знаходзіца пад абаронай. Яно не баіцца і вучыцца адкрывацца: знаёміцца з іншымі людзьмі, знаходзіць новых сяброў, атрымлівае асалоду ад таго, чаго не ведала, потым ідзе дадому і расказвае ўсім пра тое, што бачыла, дзякуючы чаму ў ім расце жаданне стаць дарослым і рабіць тое, што ён бачыў, так, як робіць яго бацька. (...) Таму блізкасць Бога стаіць на першым месцы ў прапаведаванні: знаходзячыся побач з Богам, мы пераадольваем страх, адкрываемся на любоў, узрастаем у дабрыні і адчуваем патрэбу і радасць прапаведавання”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Ён дадаў, што гэта ўмова таго, каб быць паслядоўнікамі Хрыста. “Калі ў нас ёсць жаданне быць добрымі апосталамі, мы павінны стаць як дзеці: сядзець “на Божых каленях” і адтуль глядзець на свет з даверам і любоўю, каб сведчыць аб тым, што Бог ёсць Айцец, што толькі Ён перамяняе нашы сэрцы і дае нам радасць і мір, якіх мы самі не можам гарантаваць”, - адзначыў Францішак.

Ён звярнуў увагу на тое, што “ў Евангеллі Езус рэкамендуе не казаць шмат слоў, але рабіць справы любові і надзеі ў імя Пана: “Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма і давайце” (Мц 10, 8)”, бо “гэта сутнасць прапаведавання: свабоднае сведчанне і служэнне”.

Папа заахвоціў сабраных на плошчы святога Пятра маліцца да Марыі, “каб Яна дапамагла нам адчуваць сябе любімымі і дзяліцца адно з адным даверам і блізкасцю”.

Сваю першую пасля выхаду з бальніцы масавую сустрэчу з вернікамі Францішак распачаў з падзякі за шматлікія выразы блізкасці, якія ён атрымаў у апошнія дні.
 

18 чэрвеня 2023, 12:40

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >