Францішак падчас візіту ў анкалагічнае аддзяленне клінікі Джэмэлі. Ілюстрацыйнае фота Францішак падчас візіту ў анкалагічнае аддзяленне клінікі Джэмэлі. Ілюстрацыйнае фота  

Дзеці з анкалагічнага аддзялення Джэмэлі напісалі Францішку

Разам з пажаданнямі выздараўлення з усяго свету, Францішак атрымаў таксама карэспандэнцыю з наваколля: яму напісалі дзеці, якія лечацца ў анкалагічным аддзяленні клінікі Джэмэлі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Аўтары ліста ўжо двойчы бачылі Папу падчас яго прошлага знаходжання ў бальніцы. Калі яны даведаліся пра яго паўторную шпіталізацыю ў палату насупраць аддзялення анкалогіі, захацелі перадаць яму свае пажаданні выздараўлення.

"Мы даведаліся, што ў Вас не ўсё добра і што цяпер вы знаходзіцеся ў нашай бальніцы. Нягледзячы на тое, што мы не можам бачыцца, пасылаем Вам абдымкі і жадаем хутчэйшага выздараўлення", - напісалі Пантыфіку маленькія пацыенты. Дзеці таксама падзякавалі Святому Айцу за яго папярэднія візіты і запэўнілі яго: "мы Вам заўсёды рады, і мы з нецярпеннем чакаем сустрэчы з Вамі з распасцёртымі абдымкамі".

Ліст падпісаны: “Дзеці і моладзь з дзіцячай анкалогіі”, з пажаданнем у прыпісцы: “Спадзяемся, вы ацэніце нашы маленькія падарункі”.

Яшчэ ў 2021 годзе, калі Францішак праходзіў аперацыю ў рымскай бальніцы, і ў канцы сакавіка 2023 года, калі яго шпіталізавалі туды з пнеўманіяй, ён наведваў дзяцей у анкалагічным аддзяленні.

Цяпер, акрамя малюнкаў і лістоў, яны даслалі Папу невялікія падарункі, у тым ліку скульптуру ў форме сэрца з надпісам: "Заўсёды з табой". Дарэчы, маляўнічая фрэска з выявай Папы з Аргенціны вісіць прама ля ўваходу ў школу, дзе адбываюцца ўрокі ў маленькіх пацыентаў анкалогіі.

У пятніцу Папа падзякаваў дзецям і ўсім людзям, якія ў гэтыя дні жадалі яму дабра, напісаўшы са свайго акаўнта @Pontifex у Твітэры на дзевяці мовах: "Ад усяго сэрца дзякую вам за вашы малітвы і такую колькасць выразаў блізкасці і сардэчнасці, якія я атрымаў за гэтыя дні. Малюся за ўсіх, асабліва за тых, хто пакутуе. Прашу вас працягваць маліцца за мяне".
 

13 чэрвеня 2023, 10:46