Францішак: дабрачыннасць – гэта не рамяство ці філантрапізм

“Маладыя людзі хочуць быць прыхільнікамі агульнага дабра, якое павінна стаць компасам сацыяльных ініцыятыў”, - заўважыў Папа, сустракаючыся 22 чэрвеня 2023 года з удзельнікамі 96-га пленарнага пасяджэння ROACO.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сёлетняя сустрэча Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам была прысвечана моладзі. Францішак назваў гэта “мудрым выбарам”. “Дарагая прысутная тут моладзь, вы жывяце ў краінах, дзе аднаўленне агульнага дабра з’яўляецца важнай умовай выжывання. Будзьце вартавымі міру для ўсіх, прарокамі, якія мараць і абвяшчаюць свет, які будзе іншым і больш не будзе падзелены!”, - звярнуўся ён да ўдзельнікаў моладзевай канферэнцыі, якая праходзіла паралельна з пленарным пасяджэннем.

Пантыфік заклікаў дабрачынцаў “дапамагчы залячыць раны землятрусу ў Турцыі і Сірыі”, падзякаваў “за вялікія намаганні па аказанні дапамогі Украіне ў падтрымцы ўнутрана перамешчаных асоб і бежанцаў”, папрасіў не абдзяліць увагай Святую Зямлю і Блізкі Усход, працягваючы рэалізаваць праекты дапамогі ў Іране і Эрытрэі.

“Прабітае сэрца Бога вызваляе нас ад дабрачыннасці, якую лічаць рамяством, разлікам чыстага філантрапізму, бюракратыяй дабра або, што яшчэ горш, сеткай палітычных інтарэсаў. Менавіта крыж, вышэйшы ўдзел Бога ў пакутах чалавецтва, паказвае хрысціянам, асабліва моладзі, сапраўднасць, якую яны шукаюць, мужнасць сведчання, сілу пераадольваць індывідуалізм і абыякавасць, якія сёння ў модзе, і ўзрастаць у спачуванні. Спачуванне – гэта слова, якое знаходзіцца ў цэнтры нашай веры, бо паказвае нам любоў Бога, Які цалкам прымае ўдзел у чалавечых пакутах”, - звярнуў увагу каталіцкіх дабрачынцаў Францішак.
 

22 чэрвеня 2023, 11:54