2019.08.19 Blaise Pascal (Clermont-Ferrand, 19 giugno 1623 – Parigi, 19 agosto 1662) un matematico, fisico, filosofo e teologo francese

Францішак: веліч і галеча чалавека – парадокс думкі Паскаля

Папа прысвяціў апостальскі ліст Sublimitas et miseria hominis творчасці Блеза Паскаля, філосафа і тэолага, у 400-годдзе з дня яго нараджэння. Тэкст быў апублікаваны ў Ватыкане 19 чэрвеня 2023 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Нястомны шукальнік ісціны”, “геніяльны мысляр”, “уважлівы да матэрыяльных патрэб кожнага”, “закаханы ў Хрыста”, “хрысціянін выключнай рацыянальнасці” і “вялізнага і няўрымслівага розуму”. Гэта некаторыя з азначэнняў французскага матэматыка і фізіка, якія Францішак выкарыстоўвае ў сваім разважанні.

“Веліч і галеча чалавека”, - тлумачыць Святы Айцец, - гэта парадокс, які знаходзіцца ў цэнтры разважанняў і паслання Паскаля, які нарадзіўся 19 чэрвеня 1623 года ў Клермоне ў цэнтральнай Францыі і памёр 19 жніўня ва ўзросце ўсяго 39 гадоў у 1662 годзе ў Парыжы.

З дзяцінства і на працягу ўсяго жыцця, нагадвае Папа, “ён шукаў ісціну” і з зразуменнем “адсочваў яе знакі, асабліва ў галіне матэматыкі, геаметрыі, фізікі і філасофіі”. Яго асноўная пазіцыя – гэта “зачараваная прыхільнасць да рэчаіснасці”, якая вяла яго да адкрыцця на іншыя вымярэнні ведаў, а таксама на грамадства.

У сваім лісце Пантыфік мае намер падкрэсліць тое, што ў думках і ў жыцці Паскаля здаецца яму прыдатным, “каб заахвоціць хрысціян нашага часу і ўсіх людзей добрай волі ў пошуку сапраўднага шчасця”.

Папа перакананы, што “розум і жывая вера Паскаля, які хацеў паказаць, што хрысціянская рэлігія “годная пашаны, таму што добра пазнала чалавека”, і “годная любові, таму што абяцае сапраўднае дабро”, могуць дапамагчы нам прасунуцца наперад праз цемру і няшчасці гэтага свету”.

Гарачая любоў Паскаля да Хрыста “і служэнне бедным былі не столькі знакам пералому ў духу гэтага адважнага вучня, колькі знакам паглыблення ў евангельскі радыкалізм, прасоўвання да жывой ісціны Пана, з дапамогай ласкі”.

Тэма, якая больш за ўсё цікавіла чалавека ў той час і сёння, нагадвае Папа, “гэта інтэгральны сэнс нашага лёсу, нашага жыцця і нашай надзеі, якая распасціраецца на шчасце”. У паскалеўскім творы Думкі мы знаходзім фундаментальны прынцып – “рэчаіснасць вышэйшая за ідэю”. Святы Айцец лічыць, што мы павінны памятаць пра гэта сёння, калі “смяротныя ідэалогіі, ад якіх мы працягваем пакутаваць у эканамічнай, сацыяльнай, антрапалагічнай і маральнай сферах, утрымліваюць тых, хто ідзе за імі ўнутры бурбалак веры, дзе ідэя замяніла рэальнасць”.

Паскаль з рэалізмам нагадвае, што існуе “невыносная дыспрапорцыя паміж, з аднаго боку, нашым бясконцым жаданнем быць шчаслівымі і ведаць праўду, а з другога – нашым абмежаваным розумам і нашай фізічнай слабасцю, якая вядзе да смерці”.

Менавіта хрысціянін "хоча гаварыць пра Езуса Хрыста тым, хто паспешліва заключае, што няма паслядоўных падстаў для веры ў ісціны хрысціянства", бо ён ведае, "што змешчанае ў Аб’яўленні, не толькі не супярэчыць патрабаванням розуму, але дае неймаверны адказ, да якога ні адна філасофія не магла б прыйсці самастойна".

Філосаф таксама аналізуе “інтуітыўны розум”, які ён называе “сэрцам”: “Мы спазнаем рэчаіснасць, - піша ён, - не толькі розумам, але і сэрцам”. Боскія ісціны, каментуе Францішак, “такія як тое, што Бог, Які стварыў нас, ёсць любоў, што Ён ёсць Айцец, Сын і Дух Святы”, “не даказальныя розумам, але могуць спазнавацца з упэўненасцю веры, і затым перадавацца ад духоўнага сэрца да рацыянальнага розуму, які прызнае іх праўдзівымі і, у сваю чаргу, можа іх выкрыць”.

У заключэнне Пантыфік аналізуе сувязь Паскаля з янсенізмам і пелагіянізмам. Ён адзначае, што апошняя пазіцыя філосафа, перад яго смерцю, адносна ласкі з'яўляецца “цалкам каталіцкай”, у прыватнасці тое, што Бог “хоча, каб усе людзі былі збаўлены і прыйшлі да пазнання ісціны”.

На парозе смерці, піша адзін з яго біёграфаў, “ён меў вялікае жаданне памерці сярод бедных”. Пасля прыняцця сакрамэнтаў яго апошнімі словамі былі: “Няхай Бог ніколі не пакідае мяне”.

Свой апостальскі ліст Францішак завяршае пажаданнем, каб “яркая праца і прыклад жыцця” Блеза Паскаля, “так глыбока ахрышчанага ў Езусе Хрысце”, дапамаглі нам “ісці шляхам праўды, навяртання і любові”.
 

19 чэрвеня 2023, 11:16